«Каб зрабіць свой сціплы ўнёсак у агульную справу». Футбалістаў «Тарпеда-БелАЗ» адправілі на працу ў калгас
Гульцоў і трэнераў футбольнага клуба «Тарпеда-БелАЗ» з Жодзіна адправілі дапамагаць падшэфнаму сельскагаспадарчаму прадпрыемству, паведаміла прэс-служба каманды.
16.08.2023 / 18:29
Паводле афіцыйнай версіі прэс-службы, выезд футбалістаў не на футбольнае поле быў вынікам іх унутраных імпульсаў:
«Такую ініцыятыву тарпедаўцы праявілі, каб зрабіць свой сціплы ўнёсак у агульную справу забеспячэння харчовай бяспекі краіны, а таксама адчуць прыналежнасць да шматграннай дзейнасці прадпрыемства, якое з'яўляецца галоўным спонсарам футбольнага клуба».
Працавалі спартсмены ў СВК «Першамайскі», які належыць Беларускаму аўтазаводу. А даручылі ім такі адказны ўчастак, як збіранне з поля камення.
Трэба думаць, што вынікі гэтай працы для футбалістаў былі больш паспяховыя, чым уласна спартыўныя. Так, на мінулых выхадных клуб звёў сустрэчу са «Смаргонню» да нічыёй 1:1, а да гэтага саступіў брэсцкаму «Дынама» з лікам 1:2. У кваліфікацыі ў Лізе канферэнцый тарпедаўцы таксама не мелі поспеху ў супрацьстаянні з кіпрскім АЕКам.
Чытайце таксама:
«Тарпеда-БелАЗ» вылецела з еўракубкаў
«Працаздольнасці Гарбацэвіча можна толькі пазайздросціць». Слуцкая раёнка пахваліла «Нашу Ніву»