Ад Занзібара да Кыргызстана. Дзе адпачываюць праўладныя спявачкі і прапагандысты
Паглядзелі сацыяльныя сеткі праўладных знакамітасцей і даведаліся, дзе тыя адпачывалі гэтым летам.
18.08.2023 / 20:48
Кацярына Забянько. Турцыя
Намесніца дырэктара дырэкцыі мастацкіх праграм СТБ Кацярына Забянько гэтым летам пабывала ў турэцкай Аланіі. Там тэлевядучая спынялася ў пяцізоркавым гатэлі Saphir Hotel & Villas. Кошт ночы ў элітнай гасцініцы у летні сезон складае каля 250 даляраў.
Фота: інстаграм тэлевядучай
Марыя Пятрашка. Узбярэжжа Атлантыкі
Палітычная аглядальніца Белтэлерадыёкампаніі і тэлевядучая Марыя Пятрашка падзялілася адпускным фота. У подпісе да яго дзяўчына пазначыла, што гэтым летам адпачывала на беразе Атлантычнага акіяна. Як мяркуецца, прапагандыстка выбрала для адпачынку гарачую Кубу і ў сваім тэлеграм-канале дзялілася з падпісчыкамі кадрамі з яе сталіцы — Гаваны.
Фота: тэлеграм-канал тэлевядучай
Алена Ланская. Егіпет
Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, прадстаўніца краіны на конкурсе песні «Еўрабачанне-2013» выбрала ліпень для летняга адпачынку. Як мяркуецца, спявачка правяла водпуск у егіпецкім Шарм-эль-Шэйху, адкуль шчодра дзялілася з падпісчыкамі фатаграфіямі ў бікіні.
Фота: інстаграм спявачкі
Ірына Дарафеева. Эміраты і Занзібар
Заслужаная артыстка Беларусі і ў мінулым адна з любімых спявачак Лукашэнкі, мяркуючы па ўсім, вызваліла дзеля адпачынку ўвесь жнівень. У пачатку месяца Дарафеева наведала Дубай, дзе зрабіла фота ў адным з самых папулярных турыстычных месцаў — краявідным басейне Aura Skypool Lounge.
Фота: інстаграм спявачкі
Потым спявачка адправілася ў Танзанію на востраў Занзібар. Мяркуючы па інстаграме Ірыны, востраў поўны экзотыкі і забаў.
Фота: інстаграм спявачкі
Сёстры Груздзевы. Турцыя
Дуэт, які у праўладных колах стаў папулярным пасля адкрытай падтрымкі Лукашэнкі, поўным складам адправіўся ў турэцкі Белек. Тут спявачкі пасяліліся ў пяцізоркавым гатэлі Spice hotel & spa, адкуль радуюць падпісчыкаў сваімі пастамі і сторыз.
Фота: інстаграм спявачак
Ксенія Лебедзева. Беларусь
Спецыяльная карэспандэнтка БТ, аўтарка і вядучая праграмы «Гэта іншае», у адрозненне ад калег па цэху, адпачывае на беларускіх азёрах. Ад пякучага сонца яна ратуецца ў кустах, надзеўшы на галаву хустку.
Фота: інстаграм тэлевядучай
Гюнэш Абасава. Турцыя і Кіпр
Спявачка Гюнэш Абасава таксама паспела наведаць дзве краіны: разам з сям'ёй яна спачатку выправілася ў Стамбул, адкуль потым перабралася на Кіпр.
Фота: інстаграм спявачкі
Тут Гюнэш пракацілася па Міжземным моры ў кампаніі сына.
Фота: інстаграм спявачкі
Кацярына Цішкевіч. Кыргызстан
Вядучая тэлеканала АНТ у ліпені падарожнічала па Кыргызстане. У сваім інстаграме жанчына падзялілася серыяй фота на фоне скалістых гор гэтай краіны.
Фота: інстаграм тэлевядучай
Аляксей Талай. Расія
Параалімпіец і заснавальнік дабрачыннага фонду, вядомы сваімі сімпатыямі да Лукашэнкі, гэтым летам наведаў Санкт-Пецярбург. Па словах мужчыны, ён правёў у паўночнай сталіцы некалькі дзён, дзе паспеў адпачыць і набрацца сіл.
Фота: інстаграм дзеяча
Калі да вашага адпачынку яшчэ далёка — не адчайвайцеся. Тут мы сабралі падборку цікавых актыўнасцяў, якімі можна заняць выходныя.
Чытайце таксама:
«Рускія — гэта фашысты». Як інтэрв'юерка Лукашэнкі пераабувалася проста падчас вайны
«Куды вас суправаджаць?» Апублікавалі зліў тэлефонных размоў Балабы і прапагандысткі БТ Лебедзевай