Мінздароўя забараніла ўвоз і захоўванне мухамораў

Міністэрства аховы здароўя забараняе ўвоз у Беларусь, рэалізацыю, захоўванне, транспарціроўку і выкарыстанне харчовай прадукцыі, якая змяшчае мухаморы. Пастанова прынятая 16 жніўня намеснікам міністра аховы здароўя — галоўным дзяржаўным санітарным доктарам Беларусі, заўважыў Reform.by.

17.08.2023 / 11:59

Мухаморы. Фота з Вікіпедыі

Згодна з дакументам, юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія прадаюць прадукцыю з мухаморамі, абавязаны не дапусціць абароту гэтай прадукцыі на тэрыторыі краіны з моманту ўступлення пастановы ў сілу, а таксама забяспечыць вяртанне такой прадукцыі вытворцу альбо яе ўтылізацыю.

Захады зробленыя ў сувязі з продажам у інтэрнэце харчовых дабавак, якія змяшчаюць мухаморы. Міністэрства аховы здароўя звяртае ўвагу, што доказаў станоўчага ўплыву гэтых грыбоў на здароўе няма.

«На сённяшні дзень няма ніводнага навуковага доказу аб станоўчым уплыве мухамораў, уключаючы мікрадозы, на арганізм чалавека», — заяўляе Міністэрства.

Міністэрства аховы здароўя папярэджвае, што рэчывы ў мухаморах вядуць да з'яўлення змянення стану свядомасці, пры працяглым ужыванні мухамораў магчымыя праблемы з сэрцам і дыханнем.

Медыкі звяртаюць увагу, што апошнім часам пачасціліся выпадкі атручвання мухаморамі. Яны звязаны з «наўмысным ужываннем галоўным чынам асобамі маладога ўзросту ў сырым і сушаным выглядзе, а таксама ў выніку выпадковага ўжывання ў выглядзе настойкі».

Чытайце таксама:

Фатальны абед. Загадкавая смерць сям'і ўскалыхнула цэлую краіну

Новы грыбны рэкорд? Дзеці зарабілі на баравіках у Беларусі

Бізнэс-ідэя «Грыбное шчасце»

Nashaniva.com