Сяргею Ціханоўскаму споўнілася 45 гадоў
У 2019 годзе Сяргей Ціханоўскі стварыў YouTube-канал «Краіна для жыцця», які менш чым за год стаў адным з самых папулярных у беларускім сегменце Youtube. Блогер актыўна ездзіў па рэгіёнах Беларусі, сустракаўся з падпісчыкамі, браў у іх інтэрв'ю, падчас якіх мясцовыя жыхары распавядалі аб сваіх праблемах. Усё змянілася праз год.
18.08.2023 / 07:33
Сяргей Ціханоўскі. Пачатак мая 2020 года.
У маі 2020 года Ціханоўскі выказаў жаданне балатавацца на пасаду прэзідэнта, аднак перад самым пачаткам выбарчай кампаніі быў затрыманы за арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства і не змог асабіста падаць дакументы ў ЦВК. Паводле даверанасці гэта зрабіла яго жонка Святлана Ціханоўская, але ЦВК усе роўна не зарэгістраваў блогера, тады дакументы на рэгістрацыю сябе падала Святлана, і яе зарэгістравалі.
Пасля заканчэння адміністрацыйнага арышту Сяргей стаў даверанай асобай Святланы Ціханоўскай і актыўна ўключыўся ў кампанію па зборы подпісаў у яе падтрымку. У кожным горадзе, куды прыязджала каманда «Краіна для жыцця», збіралася рэкордная колькасць ахвотных падпісацца за вылучэнне Святланы.
29 мая 2020 года Сяргея Ціханоўскага затрымалі ў Гродне ў выніку правакацыі. Супраць яго і паплечнікаў была заведзена крымінальная справа.
Сяргею Ціханоўскаму ў выніку выставілі канчатковае абвінавачанне паводле наступных артыкулаў Крымінальнага кодэкса:
- ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў);
- ч. 3 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці);
- ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК);
- ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
14 снежня 2021 года быў вынесены прысуд: 18 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Улетку 2022 года было вырашана перавесці яго з ПК № 15 у жодзінскую турму № 8.
У сярэдзіне студзеня 2023 г. супраць Сяргея завялі справу паводле ч. 2 арт. 411 КК за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы».
27 лютага 2023 года яму ў дадатак да 18 гадоў калоніі далі яшчэ паўтара года. У выніку ягоны тэрмін — 19 з паловай гадоў.
З сакавіка да пачатку ліпеня пра яго не было ніякіх вестак і толькі пасля з'яўлення ананімнай інфармацыі, што ён нібыта памёр у турме, праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі відэа, пазначанае 5 ліпеня, на якім быў Ціханоўскі ў камеры.