Мядзведзя сустрэлі ў Бараўлянах, за 100 метраў ад жылых дамоў
У адзін з вечароў Вольга адправілася на традыцыйны праменад па мясцовым заказніку, што прылягае да жылога масіву. У нейкі момант дзяўчыну прыцягнуў шум. Падумала, што сабака, але, прыгледзеўшыся, пабачыла сапраўднага мядзведзя, піша Onliner.by.
18.08.2023 / 08:38
— Усё адбылося літаральна за 100 метраў ад дамоў, каля мікрараёна Зялёны Бор. Я ішла па галоўнай дарожцы, дзе ўвесь час гуляе велізарная колькасць людзей, а потым збочыла на сцяжынку, якая вядзе назад у Бараўляны, — распавядае суразмоўца. — Мядзведзь выйшаў на дарогу. Час набліжаўся да змяркання, я не надзела акуляраў, і сілуэт зліваўся з лесам, але ўсё-ткі разгледзела, што перада мной мядзведзь. А так я ішла проста на яго.
У мядзведзях не разбіраюся, але, мяркуючы з усяго, ён быў не дарослы, але і не маленькі. Зразумела, хто гэта, і ногі, вядома, пачалі падкошвацца, я развярнулася і паволі пайшла ў адваротны бок, а ён — на мяне.
Убачыўшы звера, дзяўчына не пачала крычаць, не замітусілася, і мядзведзь, не выяўляючы ніякай агрэсіі, неўзабаве развярнуўся і сышоў. Пры гэтым Вольга нават паспела засняць касалапага на тэлефон, а потым і апублікавала ў сябе ў інстаграме.
Вяртаючыся назад, яна папярэдзіла мінакоў пра мядзведзя, аднак далёка не ўсе ёй паверылі.
— Некаторыя казалі, маўляў, ды добра, вы жартуеце, вам здалося, але я ім потым паказвала відэа. Я сама тут жыву вельмі даўно і ніколі ніякіх жывёл не сустракала, — дадае Вольга.
Супрацоўнік Бярэзінскага біясфернага запаведніка, магістр прыродазнаўства Аляксандр Рак кажа, што гаворка, хутчэй за ўсё, ідзе пра маладую мігруючую жывёліну, якая пераходзіла з аднаго месца на іншае.
Са слоў Аляксандра, калі сустрэлі мядзведзя, уцякаць не варта. Трэба загаварыць басам, пачаць павольна адыходзіць і ні ў якім разе не паварочвацца да звера спінай.
Сёлета мядзведзя ўжо бачылі ў раёне Ждановічаў, а таксама ў Лагойскім раёне каля вёскі Зарэчча.
Усяго, на думку Аляксандра Рака, у Беларусі пражывае каля 500 мядзведзяў.
Чытайце таксама:
Як паводзіць сябе пры сустрэчы з дзікімі жывёламі — раяць спецыяліст і бывалы паляўнічы
Мядзведзь, якога раней бачылі пад Мінскам, узяўся граміць пчальнікі
Пад Мінскам зноў пабачылі мядзведзя
Мядзведзі дабраліся да Мінска: сям'ю заўважылі пад Ждановічамі