Суп з лясных грыбоў
Для гэтага супу падыдуць баравікі, падбярозавікі або маслякі.
19.08.2023 / 07:26
Спатрэбіцца:
- 600 г свежых ці замарожаных грыбоў або 70—100 г сушаных
- 1 літр булёну (агародніннага, курынага, ялавічнага)
- 1 вялікая цыбуліна
- 4 сярэднія бульбіны
- 2 сярэднія морквы
- 3 зубчыкі часнаку
- жменя свежага кропу
- 2 ст. л. аліўкавага алею
- 3 ст. л. топленага масла
- 1 ст. л. пшанічнай мукі
- 3 ст. л. вяршкоў 30%
- спецыі і травы: чайная лыжка маярану, соль і перац
Каб прыгатаваць грыбны суп, вам спатрэбіцца 600 грамаў лясных грыбоў. Гэта могуць быць баравікі, падбярозавікі, маслякі. Калі вы будзеце гатаваць апошнія, то памятайце, што шапачкі трэба ачысціць. Хутка прамыйце і ачысціце грыбы. Нарэжце іх на больш дробныя кавалачкі.
Таксама можна прыгатаваць такі суп з замарожанымі грыбамі, якія перад ужываннем, натуральна, трэба размарозіць.
Калі вы хочаце выкарыстаць сушаныя грыбы, то іх спатрэбіцца каля 70—100 грамаў. Такія грыбы неабходна загадзя замачыць у вадзе на 12 гадзін (а лепш на ўсю ноч).
Чытайце: У Беларусі баравікі збіраюць тысячамі. А пачым прадаюць грыбы?
Як гатаваць:
- Пачніце награваць патэльню сярэдняга памеру. У яе пакладзіце дзве сталовыя лыжкі аліўкавага алею і дзве сталовыя лыжкі топленага масла (трэцяя лыжка застанецца для запраўкі).
- Абярыце буйную цыбуліну і дробна нарэжце. Пакладзіце на патэльню.
- Праз пяць хвілін абсмажвання дадайце тры ачышчаныя і нарэзаныя зубчыкі часнаку.
- Усе грыбы, нарэзаныя на дробныя кавалачкі, пакладзіце на патэльню. Працягвайце смажыць 20 хвілін. Па заканчэнні гэтага часу дадайце жменю нарэзанага кропу, соль і перац. Перамяшайце і зніміце патэльню з агню.
- У каструлю сярэдняга памеру наліце літр ці чатыры кубкі агародніннага булёну — ён найменш тлусты. Аднак грыбны суп выдатна спалучаецца і з курыным, і нават з ялавічным булёнам.
- У кіпячы булён дадайце абабраныя і дробна нарэзаныя моркву і бульбу. Варыце суп на слабым агні (пры закрытай накрыўцы) 15 хвілін.
- Па заканчэнні гэтага часу дадайце ў каструлю ўсё змесціва патэльні і чайную лыжку маярану. Пасля пяці хвілін варкі настаў час апошняга этапу — далікатнага забельвання і загусцення грыбнога супу.
- На патэльню пакладзіце сталовую лыжку масла, наліце дзве сталовыя лыжкі супу з каструлі і дадайце сталовую лыжку пшанічнай мукі. Зрабіце слабы агонь і ўсё перамешвайце, пакуль мука не змяшаецца з маслам і супам і не пачне пеніцца. Таксама дадайце тры сталовыя лыжкі 30% вяршкоў. Адразу ўсё пераліце ў каструлю са злёгку кіпячым супам. Праз дзве хвіліны гатавання суп можна выключыць.
- Грыбны суп можна забяліць і смятанай 18%. Будзьце вельмі асцярожныя, каб яна не згусла: спачатку можна асобна змяшаць са смятанай пэўную колькасць супу, а потым паціху ўліваць гэту сумесь у каструлю з супам.
- Праверце смак прыгатаванага супу і вырашыце, ці вы хочаце дадаць у яго трохі больш солі або перцу.
Больш рэцэптаў: