Украіна афіцыйна сабралася мяняць калабарантаў на расійскіх палітзняволеных
«У Расіі ёсць шмат людзей, якія пацярпелі за сваю антываенную пазіцыю і атрымалі драконаўскія тэрміны. Мы абавязаныя ім дапамагчы».
19.08.2023 / 16:44
Фота: Dmitri Lovetsky / AP
Галоўнае ўпраўленне разведкі Украіны разам з праектам «Хачу жыць» афіцыйна абвясцілі аб намеры мяняць затрыманых за супрацоўніцтва з Расіяй калабарантаў на расійскіх апазіцыянераў і палітвязняў.
Аб прынцыпе новага механізма абмену днямі распавёў афіцыйны прадстаўнік ГУР Украіны Андрэй Юсаў у інтэрв'ю выданню «Настоящее время».
Так, па словах Юсава, Украіна будзе спрабаваць вызваліць з расійскіх турмаў выключна тых расіян, якія былі асуджаныя пасля пачатку вайны за сваю антываенную пазіцыю і падтрымку Украіны.
«У Расіі ёсць шмат людзей, якія пацярпелі за сваю антываенную пазіцыю і атрымалі драконаўскія тэрміны. Яны не пабаяліся выказаць сваё меркаванне, яны падтрымалі Украіну, і мы таксама мусім іх падтрымаць. Свет пра іх не забудзе, і Украіна паспрабуе іх вярнуць», — заявіў афіцыйны прадстаўнік ГУР Украіны Андрэй Юсаў.
Мяняць расійскіх палітвязняў і актывістаў Украіна збіраецца на затрыманых на яе ўласнай тэрыторыі калабарацыяністаў, якія супрацоўнічалі з Расіяй (прычым гэта могуць быць як людзі з расійскім, так і з украінскім грамадзянствам).
Далейшы ж лёс абмененых расійскіх апазіцыянераў, як патлумачыў Юсаў, будзе такі: яны трапляюць ва Украіну праз абмен, а затым атрымліваюць там ці ў іншых краінах Еўрасаюза палітычны прытулак. Пры гэтым расійскіх ваеннапалонных ва Украіне на расійскіх палітвязняў у Расіі ніхто мяняць не будзе. Украінскія палонныя вайскоўцы застаюцца ў прыярытэце на абмен.
Андрэй Юсаў. Фота: «РБК-Украіна»
Як сцвярджае ўкраінскі бок, на гэты момант ужо было атрымана некалькі сотняў зваротаў ад сваякоў і блізкіх расійскіх палітвязняў з просьбай задаволіць патэнцыйны абмен.
Усяго Украіна ацэньвае колькасць расіян, пацярпелых за антываенную пазіцыю, у амаль 20 тысяч чалавек. Колькасць фігурантаў крымінальных спраў з іх, па інфармацыі Украіны, складае мінімум 636.
У Беларусі толькі ў дні «рэферэндуму» 27-28 лютага 2022 года праз некалькі дзён пасля пачатку вайны ва Украіне было арыштавана па адміністрацыйным артыкуле мінімум 600 чалавек.
Станам на люты 2023-га былі вядомы імёны 90 беларусаў, на якіх завялі крымінальныя справы за падтрымку Украіны ці асуджэнне вайны. Гэты тыя, хто ўжо быў у СІЗА ці быў асуджаны. Сапраўдная лічба будзе куды большай.
Таксама варта памятаць і пра тых беларусаў, якія змагаюцца за Украіну ў шэрагах УСУ і гінуць за яе свабоду.
Чытайце таксама: