Спёка адпусціць у аўторак. Засталося трываць два з паловай дні
Сіноптыкі расказалі пра надвор'е на 20—22 жніўня.
19.08.2023 / 12:18
Фота: «Наша Ніва»
У ноч на нядзелю месцамі, а раніцай і днём на большай частцы краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах прагрымяць навальніцы. Ноччу +14..+20°С, максімальная тэмпература днём +27..+33°С. У Мінску +31°С.
У панядзелак умовы надвор'я ў краіне будзе вызначаць франтальны раздзел, за якім прыйдзе ўмерана цёплае паветра з Заходняй Еўропы.
Раніцай і днём на большай частцы тэрыторыі краіны кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах навальніцы.
Ноччу +14..+20°С, максімальная тэмпература днём +23..+30°С, па поўдні Беларусі — да +32°С. У Мінску будзе ўжо не так горача, але істотна — +27°С.
У аўторак з Нямеччыны прыйдзе вобласць павышанага атмасфернага ціску. Будзе пераважна без ападкаў, толькі ноччу і раніцай месцамі на ўсходзе краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, магчымыя навальніцы.
Ноччу +11..+18°С, максімальная тэмпература днём + 21..+28°С. У Мінску +22°С.