У Польшчы знойдзены пахаванні «вампіраў» XVII стагоддзя

Польскія археолагі падчас раскопак знайшлі магілу дзяўчынкі 5-7 гадоў, пахаванай тварам уніз і з замком на назе. Гэта ўжо другая такая знаходка «вампіра» на тых жа могілках.

20.08.2023 / 16:51

Парэшткі жанчыны-«вампіркі». Фота: portal.umk.pl

Як паведамляецца на сайце Універсітэта Мікалая Каперніка ў Торуні, супрацоўнікі Інстытута археалогіі ўжо другі год праводзяць раскопкі ў вёсцы Пень (Pień) недалёка ад Дамбровы Хэлміньскай (гміна Быдгашч).

У мінулым годзе археолагі знайшлі магілу, у якой знаходзіўся шкілет маладой дзяўчыны 17-20 гадоў. Яна была пахаваная згодна са спецыяльным рытуалам. З мэтай прадухілення «ўваскрэсення» вакол шыі дзяўчыны быў замацаваны серп вастрыём уніз, а на вялікі палец левай нагі быў павешаны трохвугольны замок.

Навукоўцы кажуць, што тэсты ДНК пакуль толькі пацвердзілі, што парэшткі належалі дзяўчыне, але вядзецца далейшая праца, і вельмі імаверна, што будзе атрымана больш інфармацыі (напрыклад, колер вачэй і валасоў, тон скуры, паходжанне і, магчыма, генетычныя захворванні). Пасля агляду чэрапа на паднябенні быў заўважаны зялёны налёт. Магчыма, гэта вынік працяглых спроб лячэння болю і ліхаманкі з дапамогай залатой суспензіі.

У час даследавання было ўстаноўлена, што праз некаторы час пасля смерці труна з целам дзяўчыны была з нейкай мэтай адчыненая. Відаць, што шкілет пашкоджаны ў выніку нейкіх дзеянняў. Як кажуць навукоўцы, у XVII стагоддзі за вядзьмарства судзілі нават памерлых людзей, магчыма, так было і ў гэтым выпадку.

Шаўковая тканіна чапца, у якім пахавана дзяўчына, была адпраўленая на даследаванне, якое паказала значнае падабенства гэтага матэрыялу з матэрыяламі з Паўднёвай Еўропы ці Англіі. Дзякуючы гэтаму навукоўцы атрымалі чарговае пацвярджэнне гіпотэзы аб тым, што чалавек, пахаваны ў гэтым месцы, павінен быў паходзіць з вышэйшых, больш заможных сацыяльных пластоў.

У гэтым годзе навукоўцы працягнулі раскопкі. Яны паспрабавалі праверыць, ці няма паблізу іншых такіх пахаванняў, што было б важна для інтэрпрэтацыі функцыі могілак, якія яны вывучаюць.

У выніку прыкладна за 1,5-2 метры ад леташняй знаходкі археолагі выявілі дзіўнае пахаванне дзіцяці 5-7 гадоў, пакладзенага тварам уніз у магільную яму. Такое размяшчэнне трупа можа сведчыць аб тым, што людзі баяліся памерлага і яго «дзейнасці» пасля смерці. Напрыклад, што ён можа ўкусіць жывога. Паварот тварам уніз павінен быў прымусіць памерлага ўпіцца ў зямлю, каб ён больш не ўяўляў пагрозы.

Парэшткі дзіцяці-«вампіра». Фота: Łukasz Czyżewski / portal.umk.pl

Цікава, што захавалася толькі частка шкілета дзіцяці — ад галёнкі ўніз, акрамя таго, пад косткамі археолагі знайшлі трохвугольны вісячы замок, амаль такі ж, як той, што быў на парэштках «вампіркі», выяўленай летась. Аналіз пластоў паказвае, што магіла была ўскрытая і частка трупа вынесеная. Але невядома, калі і што здарылася з парэшткамі, магчыма, яны былі апаганеныя.

Над вышэйзгаданай магілай дзіцяці была выяўлена загадкавая колькасць некалькіх дзіцячых шкілетаў. Фрагмент сківіцы аднаго з іх афарбаваны ў зялёны колер. Падобнае зялёнае адценне назіралася і на паднябенні «вампіркі». Магчыма, гэтая тая нітка, якая злучае абедзве знаходкі. Але можа быць, што гэта след ад нейкай іншай практыкі. Напрыклад, у гэтага чалавека ў роце мог знаходзіцца прадмет з меднага сплаву.

У час палявых даследаванняў вучоным таксама ўдалося выявіць нестандартнае пахаванне цяжарнай жанчыны, у якой захаваліся парэшткі плода.

Што заінтрыгавала археолагаў, дык гэта размяшчэнне магілы ў незвычайным месцы.

Кіраўнік экспедыцыі археолагаў прафесар Дар'юш Паліньскі адзначае:

«Звычайна магілы выкопваюць там, дзе гэта адносна лёгка зрабіць, традыцыйна на пясчаных участках. У гэтым выпадку магіла размяшчалася ў вельмі цвёрдай, шчыльнай, камяністай глебе. Дзіўна, што яны прыклалі столькі намаганняў, каб пахаваць яе вось так. Цікава, што праз нейкі час на гэтым месцы была раскапана яшчэ адна магіла. У працэсе быў пашкоджаны шкілет цяжарнай жанчыны: адсутнічае правая рука. Але гэтая магіла — што вельмі загадкава — аказалася пустой, у ёй не было костак».

Пазлы, паслядоўна сабраныя і складзеныя навукоўцамі, даюць усё больш дэталёвае ўяўленне аб некропалі ў Пні і яго асаблівым характары.

«Пра яго няма ніякіх згадак ні ў пісьмовых крыніцах, ні на картах. Гэта характэрна для могілак, дзе людзей, выключаных з пэўнай супольнасці, цураліся не толькі пры жыцці, але і пасля смерці. Такія могілкі знаходзіліся ўдалечыні ад будынкаў, за гарадскімі сценамі, на скрыжаваннях, на пашах і пустках. Думаецца, праз вялікую колькасць нетыповых магіл са слядамі дзіўных звычаяў, якія відавочна сведчаць аб тым, што памерлых баяліся, можна меркаваць, што і тут мы маем справу з такімі могілкамі, дзе пахаваныя людзі, выключаныя з супольнасці», —

адзначае прафесар Паліньскі.

Чытайце яшчэ:

У найбліжэйшы час пачнуць складаць археалагічныя карты ўсіх раёнаў Беларусі — Лакіза

«Некаторыя людзі знаходзяцца ў вертыкальным становішчы». У Дзяржынску знайшлі больш за сотню загадкавых чалавечых парэшткаў 

Гіганцкія каменныя сякеры, якім 300 тысяч гадоў, азадачылі археолагаў

Антось Жупран