Сацсетку X (былы твітар) могуць цалкам выдаліць з крам Apple і Google
Прычына гэтага — новая спрэчная задума Ілана Маска.
21.08.2023 / 09:04
Ілюстрацыйная выява. Фота: NurPhoto / Contributor Getty Images
Твітар (цяперашні X) могуць выдаліць з App Store і Google Play за грубае парушэнне правілаў супрацоўніцтва з гэтымі крамамі. Пра гэта распавяло выданне Variety.
Як адзначае выданне, усяму віной можа стаць нядаўна абвешчанае ўладальнікам сацсеткі Іланам Маскам новаўвядзенне, паводле якога з твітара цалкам знікнуць «чорныя спісы» карыстальнікаў.
«У правілах і ўмовах супрацоўніцтва з крамамі Google і Apple выразна напісана, што ва ўсіх мабільных праграмах, якія змяшчаюць кантэнт карыстальнікаў і асабістую інфармацыю, абавязкова павінна быць функцыя блакіроўкі абразлівага кантэнту і карыстальнікаў, якія парушаюць правілы супольнасці і замахваюцца на пачуцці іншых людзей. Гэты пункт таксама распаўсюджваецца і на персанальныя чорныя спісы, якія і збіраецца цалкам выдаліць з твітара Ілан Маск», — піша Variety.
Сам Маск нядаўна назваў функцыю «чорных спісаў» і бану карыстальнікаў у твітары «бессэнсоўнай».
Разам з тым выдалення твітара з крам мабільных праграм можа і не адбыцца, калі Маск прыдумае ўзамен новы механізм абмежавання непажаданага і абразлівага кантэнту і людзей, якія яго распаўсюджваюць. Калі гэтага не адбудзецца і калі Маск сапраўды здзейсніць свой намер, то твітар можа знікнуць з крам ужо ў найбліжэйшы час.
Чытайце таксама:
Бой стагоддзя пад пагрозай? Вось што вядома пра бітву Маска і Цукерберга
Ілан Маск адмовіўся выдаляць з твітара допіс Дзмітрыя Мядзведзева пра «знікненне» Украіны