«Мы маладыя, хочацца пагуляць». Беларусы расказалі, на якія заробкі жывуць і на што іх трацяць
Нядаўняя гісторыя беларускага айцішніка, які пераехаў у Польшчу і скардзіцца на тое, што заробку ў $2750 яму ледзьве хапае на жыццё, выклікала гарачае абмеркаванне. «Наша Ніва» сабрала аповеды беларусаў унутры краіны, якія працуюць у розных сферах. Яны расказалі, колькі зарабляюць, як трацяць грошы і ці хапае гэтага на жыццё.
21.08.2023 / 11:53
«Максімум, што ўдавалася зарабіць, — гэта 2400»
Алег (43 гады), працуе таксістам у Магілеве:
— Я зарабляю крыху больш за 2000 рублёў, значыць, больш за тыя самыя 500 даляраў, што некалі абяцаў Лукашэнка. Працую ў прыватнай фірме, графік «два праз два», па 14-15 гадзін. Канешне, столькі часу праводзіць за стырном цяжка, але даводзіцца часам працаваць і па начах, і ў выходныя. Максімум, што ўдавалася зарабіць, — гэта 2400.
Тэарэтычна, гэтых грошай хапае. Мая сям'я — гэта дачка-студэнтка, яна атрымлівае падвышаную стыпендыю. Колькі, я нават не пытаюся, гэта яе асабістыя грошы.
Мая справа — плаціць за кватэру (да 200 рублёў за «камуналку» ў залежнасці ад сезона) і купляць прадукты, але ніколі не падлічваў, колькі грошай на гэта сыходзіць. Дачцэ штомесяц даю 500-700 рублёў на адзенне, абутак ці што яна там яшчэ захоча. Сабе адзенне набываю па меры неабходнасці.
Па рэстарацыях мы не ходзім, бывае, што раз на месяц сустракаемся з сябрамі за півам — ці ў кавярні, ці ў кагосьці дома.
Неяк так атрымліваецца, што грошай, каб адкласці на нешта, ужо не застаецца. Таму хачу пайсці ў «дальнабойшчыкі», там зарабляюць мінімум тры з паловай тысячы. Але гэта праз пару гадоў, калі дачка крыху падрасце і стане больш самастойнай. Цяпер ёй 19.
«800 рублёў сыходзіць на ежу»
Марына (38 гадоў), працуе брыгадзірам маляроў-тынкоўшчыкаў у Брэсце:
— Заробкі нам нядаўна падвысілі, цяпер гэта каля 1500 рублёў. У мяне ёсць дачка, ёй 15 гадоў, з мужам мы ў разводзе. На аліменты я не падавала, але ён пакінуў нам двухпакаёўку, уласнае жытло ёсць, і то добра. Плацім за кватэру каля 150 рублёў. Я за гэтым сачу, але часта вялікая сума выходзіць за ваду: пранне ў мяне практычна штодня.
Каля 800 рублёў у нас сыходзіць на ежу. Я лічу, гэта няшмат, атрымліваецца па 25 рублёў на дзень. Прадукты набываем самыя простыя, але ў лядоўні заўсёды ёсць і масла, і кілбаса, і мяса. Садавіну набываю, гародніну звычайна бяру ў маці, якая жыве ў вёсцы.
Адпаведна, дапамагаю ёй з гародам. Але гэта бывае не так часта, як было б трэба. Бо ў выходныя, а таксама падчас адпачынку я займаюся прыватнымі рамонтамі. Каб не яны, мы з дачкой проста не выжылі б. Дачка — падлетак, хутка расце, хоча мець якасныя рэчы, моднае адзенне. Займаецца з рэпетытарам замежнай мовай, на наступны год вырашылі наймаць рэпетытара яшчэ па адным прадмеце, пакуль дачка яшчэ вызначаецца, куды хоча паступаць.
Колькі атрымліваю за «халтуркі», казаць не хачу. Але скажу так: у нашай брыгадзе практычна ўсе маюць дадатковыя грошы з прыватных рамонтаў.
Зразумела, даводзіцца шмат працаваць, ні пра якія кіно-тэатры і гаворкі няма. Дарэчы, па адукацыі я бібліятэкар. Не ўяўляю, як жывуць тыя, хто цяпер працуе ў бібліятэцы. Кажуць, там заробкі па 700-800 рублёў.
«Асноўныя выдаткі — гэта на лекі, на прадукты і на ўтрыманне машыны»
Павел (46 гадоў), кіроўца тралейбуса ў Мінску:
— У месяц атрымліваю каля 2,5 тысячы.
Так зарабляе ў нас не кожны: я перыядычна бяру начныя змены, а на гэта ахвотных няшмат. Інакш ніяк нельга: жонка не працуе, у нас хворае дзіця з пажыццёвым дыягназам і неабходнасцю паўсядзённага дагляду. Жонка атрымлівае дзяржаўную дапамогу на дзіця — са жніўня гэта каля 840 рублёў.
Старэйшы сын жыве асобна, у яго ўжо ўласная сям'я, жонка і двухгадовы сын. Жывуць на здымнай кватэры, жонка ў дэкрэце. Таму па меры магчымасці дапамагаем. Не штомесяц, але часта. З апошняга заробку даў яму тысячу рублёў.
Асноўныя выдаткі нашай сям'і — гэта на лекі, на прадукты і на ўтрыманне машыны. Ездзіць у асноўным жонка — у краму ці па нейкіх справах. Хворую дачку таксама можна вывезці на прыроду хіба толькі на машыне. Выязджаем у асноўным на вёску да маіх бацькоў, ездзіць на курорты няма ні грошай, ні магчымасцяў.
«Хаця б у Турцыю»
Вікторыя (23 гады), цырульніца з Гомеля:
— Я працую ў дзяржаўнай цырульні, там заробак невялікі — каля 700 рублёў. Спадзяюся, я тут часова, бо хацела б адкрыць уласны салон. Але пакуль гэта ў марах: трэба шмат вучыцца, каб рабіць сучаснае фарбаванне валасоў, прычоскі. Для гэтага ёсць платныя курсы, але грошай на іх няма.
Наш з мужам сямейны бюджэт складае 1800 рублёў, з іх 400 мы плацім за жытло — здымаем кватэру. Здымаем у знаёмых, таму не так дорага, як магло б быць. Мы маладыя, хочацца пагуляць, таму штомесяц рублёў 350 ідзе на кавярні, кіно. Астатняе сыходзіць на прадукты, транспарт, адзенне.
Раней нам крыху дапамагалі бацькі, але мы вырашылі, што болей грошы браць у іх не будзем. Шукаем падпрацовак — і я, і муж. Мне ў гэтым сэнсе прасцей: сярод знаёмых заўсёды знаходзяцца прыватныя кліенты. Шмат грошай я не бяру, але на адзін раз схадзіць у краму — хапае.
Марым пра падарожжы. Можа, атрымаецца назбіраць грошы, каб паехаць хаця б у Турцыю. Але тут пытанне: ці паехаць на адпачынак, ці пайсці на нейкія курсы ў Мінск, ці вырашыцца ды завесці дзіця.
«Крэдыт на навучанне, смартфон і пыласос у растэрміноўку»
Аксана (48 гадоў), настаўніца з Віцебска:
— У мяне больш за 20 гадоў працоўнага стажу, я маю першую настаўніцкую катэгорыю, мой заробак 1300-1400 рублёў «чыстымі». Дадатковых магчымасцяў зарабляць няма, таму што праца і падрыхтоўка да яе займаюць практычна ўвесь час. Адзінае, што пагаджаюся на замены, калі нехта з калег хварэе. Але і тут не ўсё проста: на замене аплачваецца толькі пэўная колькасць гадзін, звыш гэтага працуеш ужо бясплатна.
Выдаткі ў мяне вялікія, бо маю шмат крэдытаў. Плачу крэдыт за кватэру, таму разам з камунальнымі атрымліваецца каля 250 рублёў. Брала крэдыт на навучанне дачкі, цяпер выплачваю 150 рублёў у месяц. Дачка ўжо скончыла ўніверсітэт, першы год, як выйдзе на працу, а крэдыт дагэтуль не пагашаны. Яшчэ плачу за смартфон, які брала ў растэрміноўку. Гэта невялікія грошы, і ў верасні я цалкам за яго разлічуся.
Прафесія вымагае пэўнага дрэс-коду, таму адзенне я набываю рэгулярна. Але выключна на зніжках, іх адсочваю асобна. Калі ўпільную дзве недарагія сукенкі, то адразу дзве і схаплю. У месяц на гэта магу патраціць і 200 рублёў, а магу і нічога — як атрымаецца.
Нейкую суму штомесяц выдаткоўваю на дапамогу бацькам, тут выдаткі мы дзелім з сястрой. Бацьку разам купляем лекі, а для маці нядаўна набылі пыласос — таксама ў растэрміноўку, 35 рублёў на месяц. Дарэчы, у бацькоў праводжу і адпачынак: у іх прыватны дом у райцэнтры.
Яшчэ з выдаткаў — утрыманне хатніх гадаванцаў. Сабачка ў мяне непераборлівы, добра есць і крывянку, а вось котцы даводзіцца купляць адмысловы корм, выходзіць дарагавата.
Грашовага запасу «на чорны дзень» у мяне няма. Калі выплачу крэдыты, то спадзяюся адкладаць хаця б па 100-200 рублёў на рамонт кватэры. Хаця б касметычны.
Чытайце таксама:
Беларус уклаў вольныя 5000 даляраў у акцыі. Што стала з грашыма праз 1,5 года
Ці можна не плаціць па крэдыце, аформленым на просьбу махляроў?