Памёр бізнэсовец і мецэнат Сяргей Зылькоў. Ён падтрымліваў беларускія ініцыятывы
Сяргей Зылькоў пражыў 84 гады. Ён быў паспяховым прадпрымальнікам і спонсарам беларускіх ініцыятыў.
22.08.2023 / 09:39
Гродзенскія могілкі «Аўльс», дзе пахавалі Зылькова. Фота: гугл-панарама
Пра смерць Сяргея Зылькова стала вядома з допісу ў фэйбуку барда Віктара Шалкевіча.
«Памёр Сяргей Паўлавіч Зылькоў… Файны чалавек, сябра, спонсар, мецэнат. Патрыёт з вялікай літары! Зусім яшчэ нядаўна сустракаліся, падымалі чаркі, спявалі песні пра Пярэспу, на якой музыка грае, і пра саксафаніста Сярожу», — напісаў музыка.
Нарадзіўся Сяргей Зылькоў 2 студзеня 1939 году на Магілёўшчыне: у вёсцы Беразетня Мсціслаўскага раёна. Большая частка яго жыцця звязаная з Гродзеншчынай. Тут ён шмат гадоў кіраваў прадпрыемствам «Свідравіна», якое і заснаваў.
Гэтая арганізацыя будавала Гродзенскую ГЭС на Нёмане і Полацкую ГЭС на Дзвіне. Удзельнічала ва ўзвядзенні Беларускай АЭС. Было багата іншых аб’ектаў па ўсёй Беларусі. Сяргей Зылькоў хацеў завязаць партнёрскія адносіны з польскімі прадпрыемствамі суседняга Падляшша.
Сяргей Зылькоў быў мецэнатам беларушчыны.
Падтрымліваў Таварыства беларускай мовы і набываў падарункі да Дня роднай мовы гадаванцам беларускамоўных груп у садках і вучням беларускамоўных класаў. Фінансаваў выданне кніг па беларускай гісторыі.
Прадпрыемства Зылькова ў 2015 годзе вырабіла памятны знак на магілу паўстанцаў-каліноўцаў блізу вёскі Кадыш. Яны загінулі ў баі з расійскімі войскамі ў 1863 годзе.
Мемарыял у памяць пра загінулых паўстанцаў-каліноўцаў паблізу вёскі Кадыш. Фота: сацыяльныя сеткі
Ініцыятарам аднаўлення мемарыяла быў Сяргей Зылькоў. Ён выпадкова натрапіў на нахілены крыж і камень з надпісам пра загінулых паўстанцаў. Дзякуючы намаганням Зылькова пахаванне было ўзаконенае.
Кавалі «Свідравіны» вырабілі герб Стэфана Баторыя і іншыя элементы для Старога замка ў Гродне. Яны ж рабілі агароджу, браму для палаца ў Свяцку.
Сяргей Паўлавіч Зылькоў памёр 18 жніўня. Пахавалі яго на гродзенскіх могілках «Аўльс» 20 жніўня.
Глядзіце таксама:
У Гродне сотні людзей прыйшлі развітацца з Сямёнам Домашам
Мастачка з Карэлічаў вышыла ўнікальную мапу Гродзенскай вобласці
Марзалюк: Вільня — горад нашай мары. Каліноўскі мусіць застацца там