Паўднёвая Асеція хоча ўступіць у Саюзную дзяржаву

Уступленне ў Саюзную дзяржаву Беларусі і Расіі для Паўднёвай Асеціі — адзін з важных прыярытэтаў.

23.08.2023 / 09:19

Вячаслаў Габазаў. Фота: Адміністрацыя прэзідэнта Паўднёвай Асеціі

Паўднёвая Асеція нацэленая на ўступленне ў Саюзную дзяржаву Беларусі і Расіі, менавіта таму для яе так важна прызнанне рэспублікі Мінскам, заявіў дзярждарадца прэзідэнта Паўднёвай Асеціі Вячаслаў Габазаў РІА «Новості».

Ён падкрэсліў, што для іх уступленне ў Саюзную дзяржаву ёсць адным з прыярытэтаў.

«Таму мы гаворым пра важнасць прызнання нас Беларуссю, гэта адкрые дарогу ў Саюзную дзяржаву і новыя гарызонты для рэспублікі», — падкрэсліў Габазаў.

На гэты момант незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі прызналі толькі Расія, Венесуэла, Нікарагуа, Науру і Сірыя, а таксама такія ж непрызнаныя краіны, як Нагорны Карабах і Прыднястроўе. У 2006 годзе Паўднёвая Асеція і Абхазія прызналі незалежнасць адно аднаго.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ ў 2008 годзе заяўляў, што ў выпадку адабрэння парламентам просьбаў Паўднёвай Асеціі і Абхазіі аб прызнанні незалежнасці ён гатовы падпісаць адпаведны дакумент, але справа так і не зрушылася, праўда, у верасні 2022 года Лукашэнка наведаў Абхазію.

У ліпені гэтага года стала вядома, што Паўднёвая Асеція збіраецца зноў папрасіць Беларусь аб прызнанні яе незалежнасці.

У прыватнасці, кіраўнік парламенцкага Камітэта эканомікі, малога прадпрымальніцтва і сельскай гаспадаркі часткова прызнанай дзяржавы Алан Тэхаў прапанаваў, каб заканадаўчы орган Паўднёвай Асеціі афіцыйна звярнуўся да беларускага парламента з просьбай аб прызнанні.

Чытайце таксама:

Гэтае непрызнанае дзяржаўнае ўтварэнне збіраецца звярнуцца да афіцыйнага Мінска з просьбай аб прызнанні

Пуцін павіншаваў кіраўнікоў краін СНД з Днём Перамогі. Апроч адной краіны

Кіроўная партыя Грузіі супраць санкцый адносна Лукашэнкі за візіт у Мінск кіраўніка Абхазіі. Хопіць і заявы МЗС

Nashaniva.com