Колькі гадоў спатрэбіцца сярэднестатыстычнаму беларусу, каб назбіраць на кватэру

Днямі намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Шваюноў заявіў, што сярэдняя беларуская сям'я можа назбіраць на кватэру за 6,4 года. Праўда, для гэтага трэба будзе цалкам адмовіцца ад любых іншых выдаткаў, у тым ліку на ежу (і нават тады для Мінска будзе мала). «Наша Ніва» падлічыла, што спадар Шваюноў перабольшвае.

27.08.2023 / 16:32

Ілюстрацыйнае фота: «Наша Ніва»

Мінск

Сярэдняя налічаная зарплата ў Мінску па выніках чэрвеня 2023 года склала 2598 рублёў, ці 2234 рублі «на рукі». Гэта каля 738 даляраў па сярэднім курсе за ліпень.

Сярэдні кошт «квадрата» на другасным рынку сталічнай нерухомай маёмасці складае каля $1350.

Такім чынам, двухпакаёўка плошчай 50 м² каштуе каля 67 500 даляраў ЗША. Мінчук з сярэдняй зарплатай у тэорыі зможа назбіраць гэтую суму за 7,6 года. Але гэта пры ўмове, што 100% заробленых грошай будуць штомесяц адкладацца на кватэру, што немагчыма ў рэальным жыцці. Як мінімум чалавеку трэба купляць сабе ежу і адзенне ды плаціць камуналку. Таму падобныя падлікі, хутчэй, нагадваюць замеры сярэдняй тэмпературы па бальніцы.

Колькі грошай рэальна адкладаць?

Агульнапрынятым лічыцца, што адкладаць трэба 10% ад заробкаў. То-бок для сярэднестатыстычнага мінчука гэта $74 у месяц. Але калі адкладаць на кватэру толькі па 10% ад сярэдняй зарплаты, ёсць усе шансы ніколі на яе не назбіраць — калі толькі ты не маеш спадчыны, — бо на гэта пойдзе 76 гадоў. 

Таму калі вы маеце мэту назбіраць на кватэру, адкладаць 10% — зусім не варыянт. 

Каб даведацца, які працэнт ад зарплаты дазваляюць сабе адкладаць беларусы, мы звярнуліся з такім пытаннем да нашых падпісчыкаў у тэлеграме.

На жаль, 50% рэспандэнтаў адказалі, што наогул не могуць нічога адкладаць са сваёй зарплаты. 

14% апытаных адкладаюць 10%.

10% могуць сабе дазволіць адкласці 20%.

21% апытаных адкладае 30% і болей ад зарплаты.

Абапіраючыся на вынікі апытання, мы вырашылі ўзяць 30%, якія ў тэорыі чалавек з сярэдняй зарплатай можа адкладаць на куплю кватэры. 

Такім чынам атрымаем, што за месяц на кватэру будзе адкладзены 221 даляр. У такім выпадку грошы на двухпакаёўку ў Мінску будуць накопленыя праз 25 гадоў. 

Калі на двухпакаёўку будзе збіраць сям'я з двух чалавек і кожны з іх будзе атрымліваць сярэднюю зарплату і адкладаць ад яе 30%, то неабходная сума будзе сабраная праз 12,5 года.

А што ў рэгіёнах?

Нерухомая маёмасць у рэгіёнах каштуе танней, чым у сталіцы, але і заробкі там больш сціплыя.

Напрыклад, у Гродне сярэдняя налічаная зарплата за чэрвень склала 1945,9 рубля. На рукі атрымалася 1673 рублі, ці каля 553 даляраў ЗША па сярэднім курсе за ліпень.

Сярэдні кошт «квадрата» ў гэтым абласным цэнтры — $785. Вынікае, што кватэры на 50 м² будуць каштаваць каля 39 тысяч даляраў.

Ілюстрацыйнае фота: «Наша Ніва»

Пры ўмове, што сярэднестатыстычны гродзенец будзе адкладаць усю зарплату, грошы на кватэру ў яго з'явяцца ўжо праз 5,9 года. 

Калі браць у разлік, што на куплю кватэры будзе адкладацца 10% ($55), то на кватэру збіраць прыйдзецца цягам амаль 60 гадоў. Адкладаючы 30% ($166) ад заробку, гродзенец з сярэдняй зарплатай назбірае на кватэру за 19,5 года. Адпаведна, калі на кватэру будзе адкладаць сям'я, дзе абое атрымліваюць сярэднюю па горадзе зарплату, то назбіраць запаветную суму можна будзе менш чым за 10 гадоў.

Чытайце таксама:

Яўген Булка назваў новую цану на свой асабняк пад Лагойскам

Гродзенцы ад світанку выстройваюцца ў чэргі, каб набыць новыя кватэры ад дзяржзабудоўшчыка. У чым прычына?

Іншаземцы раскупляюць беларускую нерухомую маёмасць

Nashaniva.com