«Беларускі футбол амаль не гляджу». Экс-трэнер нацыянальнай зборнай амаль два месяцы адпачывае ў Балгарыі
Георгій Кандрацьеў распавёў nv-online.info пра свой адпачынак пасля адстаўкі, пра жыццё на пенсіі і пракаментаваў прызначэнне іспанца на пасаду настаўніка нацыянальнай каманды.
23.08.2023 / 14:27
Георгій Кандрацьеў. Фота з адкрытых крыніц
29 чэрвеня стала вядома, што Георгій Кандрацьеў пакінуў пасаду галоўнага трэнера зборнай Беларусі. Такое рашэнне прыняло кіраўніцтва асацыяцыі Беларускай федэрацыі футбола.
— Я ўжо амаль два месяцы адпачываю ў Балгарыі, — кажа Георгій Кандрацьеў. — Амаль адразу ж пасля адстаўкі і з'ехаў — 4 ліпеня.
— Мора, чайкі, балгарскае віно…
— Мора, сонца і вада — нашы найлепшыя сябры. А вось віна не хочацца. Тут вадзічку пастаянна п'еш, бо вельмі горача.
— У Беларусі таксама да апошняга часу надвор'е было, як на курорце.
— У нас у гэтым плане камфортней — плюс 27—28. Пару дзён толькі моцная спякота стаяла.
— У вас сямейны адпачынак?
— Адпачываем я, жонка і сабака. Сабачка ў нас маленькі, спакойненькі, таму пералёт перанёс нармальна.
— Доўга яшчэ збіраецеся быць на курорце?
— У наступным месяцы вяртаемся.
— Два месяцы — нядрэнны адпачынак…
— Які адпачынак, калі я са студзеня гэтага года ўжо на пенсіі?
Пенсіянер можа адпачываць колькі заўгодна. Як кажуць, чалавек мае права на працу і на адпачынак.
— Пенсія прыстойная?
— Я б не сказаў — менш за тысячу рублёў на месяц.
Не ведаю, як яе разлічвалі, але атрымалася так, як атрымалася.
— Ці ёсць планы на найбліжэйшую будучыню?
— Якія планы?! Адпачываю — вось і ўсё. Няма ніякіх планаў…
— А новых трэнерскіх прапаноў не паступала?
— Хопіць мне ўжо гэтай трэнерскай дзейнасці. Наеўся трэнерства, цяпер — на пенсіі.
Цяпер у мяне іншае жыццё.
— На адпачынку сачылі за выступам беларускіх клубаў у еўракубках, за беларускім чэмпіянатам?
— Амаль не глядзеў. Гуляюць хлопцы — і няхай гуляюць. Часам гляджу тут нейкія замежныя матчы, але беларускім першынством не цікаўлюся.
— Але напэўна чулі, што на ваша месца ў зборнай Беларусі прыйшоў іспанец Карлас Алос?
— Чуў, вядома. Але не хачу нічога каментаваць, усё пакажа час. Паглядзім, што гэта за трэнер.
— Можа, падыме нацыянальную каманду на высокія вышыні?
— А што, іспанец у зборную Беларусі і іспанскіх футбалістаў прывязе?.. Паўтаруся, час усё пакажа…
***
У пачатку гэтага месяца стала вядома, што новым галоўным трэнерам зборнай Беларусі прызначаны іспанец Карлас Алос.
Кантракт з 48-гадовым спецыялістам разлічаны да канца 2024 года. Пры гэтым пагадненне прадугледжвае опцыю пралангацыі ў выпадку дасягнення пастаўленых мэт.
Такім чынам, Алос будзе працаваць з камандай у астатніх матчах кваліфікацыі Еўра-2024, а таксама ў наступным розыгрышы Лігі нацый.
Раней Карлас Алос узначальваў зборную Руанды, якая пад яго кіраўніцтвам правяла сем матчаў. У гэтых гульнях афрыканская каманда не перамагала — чатыры нічыі і тры паразы.
Чытайце таксама:
Нарэшце! Футбольная зборная Беларусі перамагла
Ліянэль Месі стаў самым тытулаваным гульцом у гісторыі футбола