Разведка выманіла ва Украіну расійскі верталёт Мі-8 з каштоўным грузам
Верталёт некалькі тыдняў таму «памылкова» сеў на ўкраінскім аэрадроме. Як аказалася, гэта вынік паспяховай аперацыі ўкраінскай разведкі.
23.08.2023 / 15:49
Верталёт Мі-8, які выманілі ўкраінскія разведчыкі. Фота: «Украінская праўда»
Расійскі тэлеграм-канал Fightbomber, які спецыялізуецца на авіяцыйнай тэматыцы, сёння расказаў пра тое, што некалькі тыдняў таму знік расійскі верталёт Мі-8. Пасля гэтага афіцыйную інфармацыю агучыла і Галоўнае ўпраўленне разведкі Украіны.
Fightbomber мяркуе, што экіпаж з нейкіх прычын страціў арыенціроўку і перасёк «стужачку» — лінію фронту. Туманаў выказаўся аб тым, што гэта, магчыма, была «радыёгульня» з украінскага боку ці адмова навігацыі. Спробы аднавіць арыенціроўку скончыліся безвынікова.
«Убачылі з паветра аэрадром і здзейснілі на ім пасадку. Аэрадром аказаўся аэрадромам Палтава (Украіна). Зразумеўшы, куды селі, зрабілі спробу ўзляцець, але былі расстраляныя ў верталёце на зямлі. Бартавы і правак, як мяркуецца, 200-ыя, камандзір — 300-ы».
Але неўзабаве стала вядома, што гэта вынік спецаперацыі ГУР, якая доўжылася больш за шэсць месяцаў. Як піша «Украінская праўда», Мі-8 выманіла ўкраінская разведка.
Борт рабіў рэйс паміж дзвюма расійскімі авіябазамі і перавозіў дэталі да знішчальнікаў Су-27, Су-30 СМ. Разам з пілотам на борце было двое членаў экіпажа, якія не ведалі, куды насамрэч ляціць верталёт. ГУР назваў месцам пасадкі Харкаўскую вобласць.
У выніку спецаперацыі двое членаў экіпажа было ліквідавана, заявіў прадстаўнік ГУР.
Пілот і яго сям'я знаходзяцца ва Украіне, сям'ю раней вывезлі з Расіі.
Мі-8 застаўся ва Украіне разам з дэталямі да самалётаў-знішчальнікаў. Паводле звестак «Украінскай праўды», верталёт ужо пераправілі ў Кіеў.
Расійскі блогер Раманаў паведамляе, што падзея адбылася 9 жніўня. «Борт ішоў па маршруце Курск — Мілерава. Сышоў з курсу і здзейсніў пасадку ў раёне Ваўчанска» (Харкаўская вобласць).
Чытайце яшчэ:
Украінцы заявілі пра знішчэнне расійскай ракетнай сістэмы С-400 «Трыумф» у Крыме