Мінскі аэрапорт на фоне санкцый кінуўся ў фантазіі: абяцаюць рэканструкцыю згодна з праектам нейрасеткі
Стварэнне «аэрапорта будучыні» анансаваў Нацыянальны аэрапорт Мінск у сваіх сацсетках.
23.08.2023 / 16:02
Так можа выглядаць аэрапорт Мінск на думку нейрасеткі. Кіраўніцтва ж аэрапорта мяркуе, што можа быць нават яшчэ больш фантасмагарычна. Усе фота: minsknationalairport / Instagram
«У найбліжэйшай будучыні наш аэрапорт чакаюць змены і пераўтварэнне. Плануецца пабудаваць бізнэс-горад з разнастайнай інфраструктурай», — абяцае прэс-служба.
Але дадае, што пакуль пра дакладныя тэрміны рэалізацыі праекта казаць рана. Затое трохі пафантазіравалі, як мог бы выглядаць аэрапорт у будучыні.
«І дапаможа нам у гэтым нейрасетка. Згенераваныя ёю выявы нагадваюць навукова-фантастычныя фільмы або апавяданні пісьменнікаў-фантастаў, — папярэджвае прэс-служба аэрапорта і абяцае: — Магчыма, у рэальнасці ўсё будзе выглядаць яшчэ больш футурыстычна. І пасля рэканструкцыі НАМ зменіцца настолькі, што яго немагчыма будзе пазнаць».
Пасля ўвядзення санкцый у сувязі з прымусовай пасадкай рэйса, якім ляцеў Раман Пратасевіч, аэрапорт, як і ўся авіягаліна, перажывае кепскія часы, шмат якія рэйсы і партнёрскія сувязі былі спыненыя. Да гэтага дадаліся санкцыі, звязаныя з вайной ва Украіне. Аэрапорт адчувае не толькі фінансавая цяжкасці, але і цяжкасці з пастаўкамі абсталявання ў сувязі з гэтым.
11 жніўня Лукашэнка запатрабаваў развіваць Нацыянальны аэрапорт Мінск, нягледзячы на санкцыі ў дачыненні да беларускай авіяцыйнай галіны.
Чытайце таксама:
«Час лятаць на сваіх». Пархомчык заявіў, што Беларусь рыхтуецца выпускаць свае самалёты
«Белавія» прыпыняе аказанне шэрага паслуг
На борце аднаго з самалётаў «Белавія» адбылася разгерметызацыя