Азаронак прачытаў лекцыю ўдзельніцам «Міс Беларусь» і назваў патрабаванне да будучай жонкі
Ён не першы прапагандыст, якога прывялі да дзяўчат.
23.08.2023 / 18:35
Азаронак з удзельніцамі «Міс Беларусь». Скрын відэа ютуб-канала «Мінск-Навінаў»
Конкурс прыгажосці «Міс Беларусь» арганізоўвае Нацыянальная школа прыгажосці разам з тэлеканалам АНТ. Падчас падрыхтоўкі да фіналу для ўдзельніц ладзяць розныя сустрэчы. Прыходзіў да іх Вадзім Гігін, які цяпер узначальвае Нацыянальную бібліятэку, прывялі і прапагандыста Рыгора Азаронка.
Той прачытаў дзяўчатам лекцыю пра гісторыю і цяперашнюю палітычную сітуацыю. А пасля падзяліўся сваім стаўленнем да беларускага конкурсу прыгажосці:
«Мы бачым, ва ўсім свеце перакручваецца паняцце прыгажосці, перакручваецца паняцце нормы, перакручваецца ўся эстэтыка, яны ўсе там страцілі розум за мяжой Буга. І вось тое, што ў Беларусі захоўваецца наша разуменне, купалаўскае, коласаўскае, пушкінскае разуменне прыгажосці, кахання, свабоды, як пра гэта пісалі нашы паэты, проста цудоўна».
У Азаронка спыталі, па якім крытэрыі ён будзеце выбіраць сабе жонку.
«Трэба, каб у яе было столькі ж санкцый, колькі ў мяне», — сказаў прапагандыст.
Адна з канкурсантак была ў мерчы ад Лукашэнкі — цішотцы з яго цытатай.
Удзельніцы «Міс Беларусь» мінулых гадоў пасля конкурсу не раз суправаджалі Лукашэнку на афіцыйных мерапрыемствах і балях. Цяпер, напрыклад, яго частай спадарожніцай становіцца 20-гадовая Настасся Казырыцкая, фіналістка «Міс Беларусь».
Чытайце таксама:
Хто сядзеў побач з Лукашэнкам на канцэрце 3 ліпеня ў Вялікім тэатры? Здаецца, у яго новая фаварытка