«Я ганаруся тым, што ў гэтай барацьбе дапамагаюць беларусы». Ціханоўская павіншавала ўкраінцаў і Зяленскага з Днём незалежнасці
Дэмакратычны лідар Беларусі звярнулася да ўкраінцаў з нагоды Дня незалежнасці. Яна выказала ўпэўненасць, што беларусам і ўкраінцам удасца аднавіць добрыя адносіны і прыцягнуць да адказнасці тых, хто пачаў вайну.
24.08.2023 / 09:23
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай
«Шаноўныя ўкраінцы і ўкраінкі, прэзідэнт Зяленскі!
Прайшло ўжо паўтара года ад поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Увесь гэты час вы бароніце сваю незалежнасць са зброяй у руках і агнём у сэрцы. Мы схіляем галаву перад вашай мужнасцю і стойкасцю. Ваша барацьба за сваю свабоду натхняе ўвесь свет.
Я ганаруся тым, што ў гэтай барацьбе дапамагаюць беларусы. Ганаруся палком Каліноўскага і нашымі ваярамі-добраахвотнікамі, якія здзяйсняюць подзвіг за подзвігам. Я ганаруся нашымі валанцёрамі, якія аднаўляюць гарады, дасылаюць інфармацыю ў «Беларускі Гаюн». Медыкамі, што ратуюць жыцці. Ганаруся ўсімі вольнымі беларусамі, якія данацяць на ўкраінскую армію і набліжаюць перамогу Украіны.
Мы адновім добрыя адносіны паміж нашымі народамі, а тыя, хто штурхнуў нашу краіну ў вайну, — абавязкова панясуць адказнасць.
Дарагія ўкраінцы, зычу вам сустрэць наступны Дзень незалежнасці ў мірнай і свабоднай Украіне.
Слава Україні! Жыве Беларусь!»
Чытайце таксама: