Беларуску Яну Шостак выключылі са спіса кандыдатаў на выбарах у польскі Сейм. Усё праз пазіцыю наконт абортаў
Кандыдатуру Шостак рэкамендавала партыя «Зялёныя», якая ўваходзіць у «Грамадзянскую кааліцыю», але цяпер яна прапануе новага кандыдата для спіса.
24.08.2023 / 14:02
Беларуска Яна Шостак не будзе балатавацца ў польскі Сейм у спісе «Грамадзянскай кааліцыі». Пра гэта паведамляе РАР са спасылкай на кіраўніка «Грамадзянскай платформы» ў Падляскім ваяводстве Кшыштафа Трускаляскага, піша Reform.by.
«Спадарыня Яна Шостак не з'яўляецца кандыдаткай «Грамадзянскай кааліцыі». Гэта было рашэнне нашага саюзніка і нас як «Грамадзянскай платформы», — цытуе яго агенцтва.
Кандыдатуру Шостак рэкамендавала партыя «Зялёныя», якая ўваходзіць у «Грамадзянскую кааліцыю», але цяпер яна прапануе новага кандыдата для спіса. Шостак была нумарам 13 у спісе кааліцыі ў 24-й выбарчай акрузе ў Падляскім ваяводстве.
Польскае дзяржаўнае агенцтва звязвае рашэнне з інтэрв'ю Шостак парталу Onet, у якім яна заявіла, што падтрымлівае дазвол на аборты на працягу ўсяго тэрміну цяжарнасці.
Гэтыя выказванні раскрытыкавала віцэ-маршалак Сейма ад «Грамадзянскай кааліцыі» Малгажата Кідава-Блоньска.
«На жаль, частка пастулатаў, агучаных Янай, далёкая ад пастулатаў «Грамадзянскай кааліцыі», у шэрагах якой прынята пастанова», — сказаў агенцтву сустаршыня «Зялёных» Пшэмыслаў Словік.
Яне Шостак 30 гадоў. Яна нарадзілася ў Гродне і з 17 гадоў жыве ў Польшчы, атрымала польскае грамадзянства. Яна вядомая сваімі перформансамі і акцыямі. Адна з іх — «Хвіліна крыку для Беларусі». У 2022 годзе Шостак стала пераможцай прэстыжнага польскага конкурсу Paszporty Polityki.
Парламенцкія выбары ў Польшчы пройдуць 15 кастрычніка.