«Амкадор» дамовіўся пра супрацоўніцтва з «ДНР»
Кіраўнік «урада Данецкай Народнай Рэспублікі» Яўген Сонцаў паведаміў у сваім тэлеграм-канале, што падчас візіту ў Беларусь падпісаў пагадненне аб супрацоўніцтве з кіраўнічай кампаніяй холдынга «Амкадор» — буйнога беларускага вытворцы тэхнікі.
24.08.2023 / 23:20
Фота: тэлеграм-канал Яўгена Сонцава
«Тут вельмі салідная канструктарская група, якая зможа спраектаваць тэхніку «на замову». Любой складанасці. У сціслыя тэрміны. Разлічваем на доўгатэрміновае супрацоўніцтва», — напісаў Сонцаў.
Паводле яго, у Беларусі атрымалася дамовіцца аб пастаўках у «ДНР» беларускіх ліфтаў, дарожнай і сельскагаспадарчай тэхнікі, а арыенціровачны кошт інвестыцый — 3 млрд расійскіх рублёў (каля 80 млн беларускіх).
У склад холдынга «Амкадор» уваходзіць 22 заводы, дзе вырабляюць пагрузчыкі, укладчыкі асфальту і тэхніку для меліярацыі. Саўладальнік холдынга — набліжаны да Лукашэнкі бізнэсовец Аляксандр Шакуцін.
Раней дэлегацыя «ДНР» наведала «Першую прамысловую кампанію», «Магілёўліфтмаш» і «Магатэкс». З «Магілёўліфтмашам» таксама было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве. Улады Магілёўшчыны пра візіт не паведамлялі.
Чытайце таксама:
У Мінск прыехала дэлегацыя ўрада «ДНР»
Кіраўнік «ДНР» Пушылін прапанаваў Беларусі паўдзельнічаць у забудове акупаванага Азоўскага ўзбярэжжа
Беларускіх школьнікаў прыцягнулі да ўдзелу ў чэмпіянаце «Мая Айчына — Расія»