Прыбыткі кампаніі Nvidia паказваюць, хто зможа атрымаць найвялікшую выгоду падчас буму генератыўнага ШІ
«У камп'ютарнай сферы пачалася новая эра. Кампаніі ва ўсім свеце пераходзяць ад універсальнасці да паскораных вылічэнняў і генератыўнага штучнага інтэлекту», — заявіў заснавальнік і генеральны дырэктар Nvidia Джэнсен Хуанг.
26.08.2023 / 17:55
Генеральны дырэктар Nvidia Джэнсен Хуанг / Фота: gettyimages
Nvidia стала галоўным пастаўшчыком індустрыі генератыўнага ШІ. Чыпы кампаніі A100 і H100 выкарыстоўваюцца для стварэння і запуску ШІ-праграм, у прыватнасці ChatGPT. Як вядома, попыт на гэтыя запатрабаваныя праграмы няўхільна рос цягам апошняга года, а адпаведна змянялася і інфраструктура для іх падтрымкі. Па словах генеральнага дырэктара Nvidia, шэраг пастаўшчыкоў воблачных паслуг нядаўна абвясцілі аб планах укаранення апаратнага забеспячэння Nvidia H100 у сваіх цэнтрах апрацоўкі даных.
Nvidia паведаміла аб прыбытку ў 13,51 мільярда даляраў у другім квартале 2023 года — гэтая лічба перасягнула чаканні Уол Стрыт і ўдвая перавышае 6,7 мільярда даляраў, атрыманых кампаніяй за аналагічны перыяд мінулага года. Да таго ж Nvidia паведаміла аб чыстым прыбытку ў памеры 6,18 мільярда даляраў у параўнанні з 656 мільёнамі за той жа перыяд мінулага года — гэта больш чым у дзевяць разоў.
Вынікі паказваюць, наколькі рэзка змяняюцца расклады ў галіне. Калісьці гульнявое падраздзяленне кампаніі было галоўным рухавіком прыбытку. І ў той час як гульнявы сектар кампаніі працягвае расці (яго прыбытак у 2 квартале 2023 года склаў 2,49 мільярды даляраў, павялічыўшыся на 22% у параўнанні з мінулым годам), цяпер ён засланяецца цэнтрам апрацоўкі даных, які атрымаў 10,32 мільярда даляраў даходу, павялічыўшыся на 141% у параўнанні з папярэднім кварталам і на ажно на 171% у параўнанні з мінулым годам.
«Кошт воблачных цэнтраў апрацоўкі даных у свеце складае нешта каля трыльёна даляраў», — цытуе спадара Хуанга выданне TechCrunch. — «І гэтыя цэнтры апрацоўкі даных коштам трыльён даляраў знаходзяцца ў працэсе пераходу да паскораных вылічэнняў і генератыўнага штучнага інтэлекту. Мы бачым дзве адначасовыя змены платформы».
Тым часам Nvidia чакае яшчэ большага росту, прагназуючы прыбытак у 16 мільярдаў даляраў за трэці квартал, плюс-мінус 2%. Кіраўнік Nvidia лічыць паскораныя вылічэнні найбольш эканамічна– і энергаэфектыўным, а таксама найбольш прадукцыйным спосабам вядзення камп'ютарных вылічэнняў проста цяпер.
Чытайце таксама:
Amazon выдаляе кнігі, створаныя штучным інтэлектам, якія былі апублікаваныя пад імем жывога аўтара
Выданне The New York Times можа цалкам «знішчыць» ChatGPT і іншыя нейрасеткі