Танк абстраляў кадэцкае вучылішча ў Парэччы пад Гроднам — Reform.by
У першай палове жніўня за 30 км ад Гродна ў аграгарадку Парэчча адбыўся інцыдэнт — танк стрэліў у бок населенага пункта і трапіў у будынак Гродзенскага абласнога кадэцкага вучылішча. Па шчаслівай выпадковасці ніхто не пацярпеў, паведамляе Reform.by на падставе сведчання сваёй крыніцы, знаёмай з сітуацыяй.
25.08.2023 / 20:21
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Мінабароны Беларусі
Паводле інфармацыі Reform.by, баявая машына ўдзельнічала ў вучэннях побач з Гожскім палігонам.
З невядомай прычыны экіпаж танка, як паведамляецца, задраў ствол і стрэліў. Снарад трапіў у пляц кадэцкага вучылішча, адрыкашэціў і разбурыў сцяну суседняга будынка. Ніхто ў выніку не пацярпеў.
Вайскоўцы, як сцвярджаецца, аператыўна адрамантавалі будынак, ліквідавалі пашкоджанні. Афіцыйна пра інцыдэнт нічога не паведамлялася.
Гродзенскае абласное кадэцкае вучылішча. Фота Google Earth, 2020 год
Камандна-штабныя вучэнні з 6-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгадай, якія ўключалі этап з баявой стральбой, пачаліся на Гожскім палігоне 7 жніўня і працягваліся некалькі дзён. Паведамлялася, што падчас іх будуць адпрацаваныя пытанні кіравання падраздзяленнямі ў ходзе вядзення баявых дзеянняў, а таксама будзе ўлічаны вопыт вайны ва Украіне, а менавіта — шырокае прымяненне беспілотных лятальных апаратаў і цеснае ўзаемадзеянне танкавых і мотастралковых падраздзяленняў з падраздзяленнямі іншых родаў войскаў.