«Ëсць спосабы». Мінчук расказаў, як ён і яго сябры мінімізуюць рызыкі чытання незалежных СМІ
Пару месяцаў таму ў нашай з сябрам гутарцы прагучала прозвішча Сахашчык. «А хто гэта?» — спытаў ён. І гэта ж ужо паўтара года, як афіцэр выступіў са знакавым зваротам пасля нападу Расіі на Украіну, і год, як ён актыўна ўключыўся ў публічную палітыку. Піша Андрэй Вяршкоў.
03.09.2023 / 13:44
Графіці ў Мінску. Фота: Наша Ніва
Тады я спісаў гэта на адсутнасць у сябра цікавасці да палітыкі пасля 2021-га. Але вось ужо з іншым хлопцам абмяркоўваем спартовыя падзеі, і я нагадваю факты з нядаўняга матэрыялу «Трыбуны», а ў яго акругляюцца вочы. Усё гэта не выпадковасць, а плён намаганняў лукашэнкаўскага рэжыму, які менавіта дзеля такіх «а хто гэта?» забараняе недзяржаўныя медыя
Шоу-цывілізацыя
Аўтарытарныя рэжымы заўсёды ствараюць сваю рэчаіснасць. Расійскі журналіст Сяргей Ільчанка назваў такую з’яву шоу-цывілізацыяй: экранная рэчаіснасць супярэчыць эмпірычнай сапраўднасці. Для гэтага не абавязкова хлусіць — можна ўсяго толькі прыхоўваць іншую карціну сусвету. Лукашэнкаўскі рэжым у стварэнні альтэрнатыўнай рэчаіснасці дасягнуў дасканаласці.
Мой настаўнік гісторыі прыгадваў класічны выпадак з 2008 года: «Жнівень. Ідзе вайна ў Грузіі. Заходнія СМІ пішуць пра бамбёжкі Грузіі. Расейскія медыя паведамляюць пра рускіх жаўнераў, якія вызваляюць асяцінскую зямлю. А на БТ па полі едзе камбайн».
Але ў той жа час беларусы розных палітычных меркаванняў штодзень заходзілі на TUT.BY, дзе ў тым ліку маглі прачытаць Арцёма Шрайбмана і Юрыя Дракахруста. Хто цікавіўся тэмай больш, абіраў «Нашу Ніву», «Радыё Свабода» і БелаПАН. Прыхільнікі друкаваных СМІ, акрамя другой паловы нулявых, маглі купіць у шапіках тую ж самую «Нашу Ніву», «Народную Волю», «Белгазету», «Новы час» и «Свободные новости плюс». Так, гэта патрабавала пэўнай адвагі, бо КДБ вёў улік чытачоў недзяржаўных СМІ, і гэта не было сакрэтам, асабліва ў рэгіёнах, дзе кожны кожнага ведае, але магчымасць была. Маштабы 2020-х сціплая беларуская свядомасць тады не магла і ўявіць.
Цяпер падпіска на «экстрэмісцкія» медыя можа каштаваць сутак і нават гадоў зняволення. А пра незалежныя газеты ў шапіках застаецца толькі марыць.
Антыўтопіі не раз апісвалі, як проста фармуецца альтэрнатыўная рэчаіснасць. У «1984» партыя стварала сваю сапраўднасць, выкрэсліваючы рэпрэсаваных і раз за разам перапісваючы гісторыю так, што людзі ўжо не маглі прыгадаць, з кім ваявалі два гады таму.
А ў «Гары Потэры і рэліквіях смерці» зрабілі яшчэ прасцей: Вальдэморт захапіў галоўную газету «Штодзённы Вяшчун», што ні словам не паведаміла пра пераварот. Для людзей, якія не мелі сувязяў cярод чыноўнікаў ці падполля, карціна склалася простая: Міністэрства ўсяго толькі змяніла курс пасля адстаўкі старога кіраўніка, хаця насамрэч той быў забіты. Адрэзаныя ад іншых крыніцаў інфармацыі, чараўнікі вымушана прымалі гэтую рэчаіснасць. І нават сам Гары Потэр не думаў, што акрамя яго хтосьці змагаецца з новым рэжымам, пакуль праз паўгода бадзянняў аднойчы не паслухаў нелегальную радыёстанцыю.
Гэтак жа ў Беларусі-2023 людзі могуць не ведаць пра пазіцыю былога камандзіра брыгады дэсантнікаў, зварот Пазняка да Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Зяленскага або рэальны стан фінансаў краіны. Рэжым стварыў рэчаіснасць, у якой многіх падзей проста няма.
І гэта не проста сумны факт. То небяспека для саміх беларусаў. Не чытаючы «экстрэмісцкіх» СМІ, яны проста не арыентуюцца ў рэальным жыцці, не здольныя спрагназаваць развіццё падзей. І па прыклады далёка хадзіць не трэба: у 2023-м праходзіць міліцэйскі надгляд, маючы пропуск з «Пагоняй», — гэта самагубства. Ці арыентавалася дзяўчына ў падзеях?
Як з гэтага вырвацца?
«Праглядаю сайты без слядоў»
Выйсцяў у беларусаў у Беларусі не так ужо і багата. На язык напрошваецца, здавалася б, простае рашэнне — чытаць забароненыя медыя. Але такое яно толькі ў тэорыі. А як гэта зрабіць, калі на шалях бяспека? І беларусы рызыкуюць.
Едзеш у мінскай падземцы — а сусед чытае ў тэлефоне забароненае «Люстэрка». Возьмеш дэвайс знаёмага — а ў яго небяспечная падпіска. Хоць даходзіць да таго, што лукашэнкаўскія сілавікі ходзяць па электрычках і глядзяць змест смартфонаў, людзі ўсё адно адмаўляюцца ад прапанаванай ім рэчаіснасці. Але гэта можна рабіць з меншай рызыкай.
У маім тэлефоне не знойдзецца ніводнай падпіскі на «экстрэмісцкія» медыя. Аднак хто забараняе праглядаць іхныя суполкі і сайты? Вядома, пры затрыманні апраўданнем гэта не стане: наадварот, сілавікі пачнуць шукаць іншыя доказы «вашых» злачынстваў. Таму
я праглядаю сайты без слядоў: я заходжу на іх, выкарыстоўваючы VPN, а не праз люстэркі. І я раблю гэта ў браўзеры, дзе ёсць рэжым інкогніта, што не захоўвае вашай гісторыі.
Я чытаю тым жа спосабам і замежныя медыя. Скажам, з «Медузы», «Дождя» и «Вёрсткі» не так ужо і багата даведаецеся пра падзеі ў Беларусі, але здолееце адсочваць ход украінска-расейскай вайны.
«Медыя, якія засталіся і ў Беларусі»
Я чытаю і тыя недзяржаўныя медыя, якія засталіся і ў Беларусі. Яны не паведамяць вам пра страты палка Каліноўскага ці чарговую заяву Святланы Ціханоўскай, але ў іх можна прачытаць, што праваабарончы цэнтр «Вясна» прызналі экстрэмісцкім фармаваннем, а Эдуард Бабарыка атрымаў восем гадоў калоніі.
Я ўпэўнены ва ўзроўні свайго крытычнага мыслення, таму я чытаю і дзяржаўныя медыя. З 2020-га тактыка «не заўважаем апазіцыю» ў праўладных СМІ ўжо не працуе. Ды іхныя журналісты не аднойчы і самі прызнаваліся, што цяпер не адказваюць на ўдары, а самі б’юць першымі. Яны кожны дзень высмейваюць кантэнт апанентаў і нараджаюць новыя паклёпы. Аднак можна не ігнараваць гэтыя выпады, а выкарыстоўваць з карысцю: чытайце паміж радкоў. Так вы яшчэ і палепшыце сваё крытычнае мысленне.
Дружыце з аднадумцамі
Але ніякія дэвайсы не заменяць жывую размову. Асабліва, калі таталітарны рэжым намагаецца спарадзіць у вас пачуцце безвыходнасці. Дружыце з аднадумцамі і абменьвайцеся навінамі хаця б на вуліцы. Вядома, не варта забывацца на асцярожнасць, — Васіль Быкаў слушна пісаў пра «шматмільённыя шэрагі сексотаў» — але размаўляйце з тымі, каму давяраеце, выходзьце з ізаляцыі. Вы не адзін.