Расійскі дыпламат заявіў, што ў Казахстане менш вучаць рускую мову. МЗС Казахстана хутка паведаміла, што дыпламат тут больш не працуе

У МЗС Казахстана паведамілі, што генеральны консул РФ у Алмаце Яўген Баброў больш не працуе ў краіне. Раней дыпламат заявіў расійскаму агенцтву аб «спадзе» вывучэння рускай мовы ў Казахстане.

29.08.2023 / 09:23

Яўген Баброў. Фота: gcrus_almaty / Instagram

Баброў 26 жніўня завяршыў сваю дыпламатычную місію і пакінуў краіну, заявіў афіцыйны прадстаўнік МЗС Казахстана Айбек Смадыяраў.

Прадстаўнік казахстанскага МЗС не стаў удакладняць, ці сам Баброў падаў у адстаўку, ці ён спыніў працу на патрабаванне ведамства.

Яўген Баброў у інтэрв'ю агенцтву ТАСС паскардзіўся, што апошнія гады ў Казахстане назіраецца «спад ва ўзроўні выкарыстання і вывучэння рускай мовы».

«З аднаго боку, ён назіраецца з-за скарачэння рускага насельніцтва да 15%, з другога — Міністэрства асветы краіны мяняе праграму навучання «з апорай на казахскую мову», — сказаў расійскі дыпламат.

Акрамя скарачэння рускамоўных школ і класаў у Казахстане, паводле слоў Баброва, назіраецца «пэўная занепакоенасць», звязаная з выключэннем прадмета «руская мова» з праграмы для вучняў першых класаў з казахскай мовай навучання.

Каментуючы словы генконсула РФ аб тым, што апошнім часам у Казахстане скарачаюцца рускамоўныя школы і класы, Смадыяраў адзначыў, што, «магчыма, гэты чалавек не быў у курсе ўсёй інфармацыі, якая назіраецца ў краіне».

«У мяне ёсць на руках даныя міністэрства асветы аб тым, якія школы на якой мове ў нас выкладаюць: з 7711 дзяржаўных школ 3957 вядуць навучанне толькі на казахскай мове, 1203 — на рускай мове, а 2551 школа — на казахскай і рускай мовах. Пры гэтым няма планаў на поўны пераход усіх школ краіны выключна на казахскую мову навучання», — сказаў дыпламат.

У 2022 годзе ў Казахстане адмянілі вывучэнне адразу трох моў для першакласнікаў з новага навучальнага года, сярод іх — рускую і англійскую. Па інфармацыя міністэрства асветы Казахстана, з першага класа дзеці будуць вывучаць толькі казахскую, паколькі для вывучэння рускай і англійскай ім спачатку трэба навучыцца чытаць і пісаць на роднай мове. Ён дадаў, што першакласнікам цяжка вывучаць тры мовы адразу.

Чытайце таксама:

У Казахстане хочуць забараніць тавары са знакамі «Z», «V» і ПВК «Вагнер»

Кыргызстан пад ціскам ЗША абмяжоўвае транзіт санкцыйных тавараў у Расію

У Казахстане адмянілі канцэрт Рыгора Лепса пасля таго, як ён паабяцаў плаціць па мільёне расійскіх рублёў за кожны падбіты ўкраінскі танк

Nashaniva.com