Наўседа заклікаў не ператвараць закрыццё памежных пераходаў з Беларуссю ў спорт

Прэзідэнт Літвы прапанаваў спачатку ацаніць наступствы такіх рашэнняў.

29.08.2023 / 12:57

Фота: «Наша Ніва»

Гітанас Наўседа заклікае не ператвараць закрыццё памежных пунктаў з Беларуссю ў «своеасаблівы спорт», а ўзважваць рашэнні. Пасля таго як міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце агучыла прапанову закрыць яшчэ два пагранпункты, Наўседа заклікаў спачатку ацаніць наступствы такіх рашэнняў, паведамляе Lrt.lt.

«Я думаю, што з гэтага не варта рабіць свайго роду спорт — мы павінны вельмі выразна ацэньваць індывідуальны выпадак, ацэньваць кожны выпадак паасобку і ацэньваць магчымыя страты, магчымыя нязручнасці, у тым ліку для нашых жыхароў, і толькі пасля ацэнкі ўсіх аспектаў прымаць рашэнне, як мы, дарэчы, і зрабілі ў выпадку з КПП у Цверачы і Шумску», — заявіў журналістам у аўторак прэзідэнт.

Пасля таго як Літва 18 жніўня закрыла два з шасці пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю — у Шумску (з беларускага боку «Лоша») і Цверачы («Відзы»), — міністарка ўнутраных спраў заявіла ў панядзелак, што міністэрства прапануе закрыць яшчэ два: у Лаварышках («Катлоўка») і Райгардзе («Прывалка»).

Такім чынам засталіся б два памежныя пункты: у «Салечніках» («Шальчынінкай» — «Беняконі») і «Медніках» («Каменны Лог»).

Чытайце таксама:

Мы настойваем на тым, каб пасажырскі рух паміж нашымі краінамі не спыняўся так доўга, наколькі гэта магчыма — Франак Вячорка

Літва назвала яшчэ пераходы, якія могуць закрыць, і два крытэры, па якіх цалкам закрыюць мяжу ЕС з Беларуссю

Прэм'ерка Літвы паабяцала не закрываць двух новых пераходаў на мяжы з Беларуссю

Nashaniva.com