«Я хачу сказаць ВЕ-ЛІ-ЗАР-НЫ дзякуй тысячам беларусаў». Ягор Марціновіч напісаў першы допіс пасля вызвалення

«У мяне было 2 гады і яшчэ 1,5 месяца, каб прыдумаць арыгінальны допіс на гэтае месца. Але неяк не склалася, пацягнула на філасофію», — напісаў Ягор у фэйсбуку.

30.08.2023 / 11:12

Ягор Марціновіч. Фота: jahor.marcinovich / Facebook

Я хачу сказаць ВЕ-ЛІ-ЗАР-НЫ дзякуй тысячам беларусаў, якія падтрымлівалі мяне, дапамагалі мне ці іншым палітвязням альбо хаця б у душы перажывалі за нас. Гуртам шмат што лягчэй)

Пастараюся адпісаць ці адзваніцца кожнаму, ад каго атрымліваў вестачкі.

Я толькі пераканаўся, што прыстойных, сумленных беларусаў, сапраўдных патрыётаў нашай краіны ў разы больш, чым я мог сабе ўявіць у самых смелых фантазіях.

Балюча ад разумення, колькі дадатковага клопату і праблемаў звалілася на нашых родных і блізкіх. Асноўны цяжар выцягнулі на сваіх плячах менавіта яны. Нам што? — сядзі на месцы і падлічвай дні. Але ж родныя не падпісваліся на тое, каб бачыць людзей у балаклавах у сваёй кватэры, стаяць у чэргах пад СІЗА, а пасля яшчэ і губляць нервы ў чаканні, выпусцяць ці не выпусцяць.

Карацей, занадта шмат розных «але», каб дакладна сказаць, як усім нам варта было рабіць правільна — каб мінімізаваць магчымыя страты і павялічыць шанцы на перамогу Беларусі і здаровага сэнсу. Па-ранейшаму веру, што гэта адбудзецца.

А персанальна для мяне важна, што я вяртаюся на свабоду з чыстым сумленнем. Мне не сорамна глядзець у вочы людзям, і гэта ўжо нямала», — напісаў Ягор Марціновіч у фэйсбуку.

***

Галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча затрымалі 8 ліпеня 2021 года. Яму і Андрэю Скурко прысудзілі 2,5 года зняволення. Тэрмін яны адбылі цалкам. Ягор Марціновіч знаходзіўся ў бабруйскай калоніі.

18 жніўня, цалкам адбыўшы прысуджаныя 2 з паловай гады зняволення, з магілёўскай калоніі вызваліўся Андрэй Скурко.

Nashaniva.com