«Гэта як плюнуць маім родным у твар». Арыне Сабаленка не паціснулі руку на US Open

Украінка Марына Занеўская, якая выступае за Бельгію, не паціснула руку другой ракетцы свету на US Open.

30.08.2023 / 15:50

Скрыншот відэа

Бельгійская тэнісістка Марына Занеўская (№112 WTA) не паціснула рукі беларусцы Арыне Сабаленка (№2 WTA) пасля паразы сёння ноччу на старце US Open — 3:6, 3:6.

Украінка Занеўская з 2016 года пачала выступаць у складзе Бельгіі. Сабаленка чакала яе ля сеткі, але Марына праігнаравала сваю суперніцу.

«Я прадстаўляю Бельгію, але ўся мая сям'я застаецца ва Украіне, — патлумачыла свае паводзіны ўраджэнка Адэсы. — Паважаю Арыну як тэнісістку, яна вялікая чэмпіёнка. Гэта маё асабістае рашэнне не паціскаць рукі. Я не асуджаю яе. Яна абараняе сваю сям'ю, а я абараняю сваю. І калі я пацісну ёй руку, гэта будзе тое самае, што плюнуць маім родным у твар».

Раней украінка Эліна Світоліна на турніры ў Мадрыдзе адмаўлялася ціснуць руку Аляксандры Сасновіч, а пацісканне рук пасля гульні Вікторыі Азаранка і Эліны Світолінай на Уімблдоне наогул было скасаванае.

Чытайце таксама:

Сабаленка выйшла ў другі раўнд US Open

Сабаленка можа стаць першай ракеткай ужо на наступным тыдні. Пры адной умове

Перад матчам Азаранкі і Світолінай паціскання рук не будзе

Nashaniva.com