Наколькі небяспечны tranq — новы наркотык, які захоплівае Амерыку?
Амерыканскія ўлады ўстурбаваныя. Наркотык мае сур'ёзныя пабочныя эфекты, і антыдоту няма.
03.09.2023 / 23:02
Фота: vecteezy
У пачатку 2010-х у Расіі і краінах Усходняй Еўропы атрымаў распаўсюджанне кашмарны наркотык — «кракадзіл». Гэты танны заменнік гераіну, выраблены ў кухонных «лабараторыях», дарыў карыстальнікам лускаватую скуру і гнойныя раны. Цяпер падобны па шкоднасці прэпарат — фентанілавая сумесь, вядомая як tranq — наводзіць жах у ЗША.
З 2019 года колькасць смерцяў, звязаных з фентанілам, павялічылася ў Штатах амаль у чатыры разы. У мінулым месяцы Белы дом абвясціў аб плане спыніць яго распаўсюджванне. Дастаткова ведаць усяго пару рэчаў, каб жаданне паспрабаваць у патэнцыйнага новага карыстальніка адпала зусім.
Tranq спалучае ў сабе фентаніл (сінтэтычнае апіоіднае рэчыва) з ксілазінам (ён жа «tranq» — моцны неапіоідны транквілізатар, які выкарыстоўваецца для заспакаення коней, аленяў ды іншых буйных жывёл).
The Economist распавядае, што ўпершыню ён быў заўважаны органамі па барацьбе з наркотыкамі яшчэ ў пачатку 2000-х гадоў у Пуэрта-Рыка. Але цяпер наркотык быў выяўлены амаль ва ўсіх амерыканскіх штатах, што непакоіць улады ЗША.
На кітайскіх вэб-сайтах ксілазін можна купіць усяго за 6 даляраў за кілаграм, таму пастаўшчыкі забароненых наркотыкаў могуць максімізаваць свае прыбыткі, выкарыстоўваючы яго для змешвання з даражэйшым фентанілам, які пастаўляецца ў асноўным мексіканскімі наркакартэлямі. Многія канчатковыя карыстальнікі не будуць ведаць, купляюць яны фентаніл або транквілізатар.
І гэта вялікая падстава для турботы. Нягледзячы на тое, што tranq хімічна адрозніваецца ад «кракадзіла», дзейнічае на арганізм ён падобным чынам. Ён таксама выклікае глыбокія некратычныя раны, у якіх скура і мышцы проста загніваюць. Такія раны могуць лёгка інфікавацца, што прыводзіць да ампутацыі канцавін. Вялікія дозы могуць выклікаць страту прытомнасці, што робіць нарказалежнага лёгкай мішэнню для нападу або рабавання.
Магчыма, яшчэ больш трывожным з'яўляецца тое, што «Налаксон» — экстраны сродак ад перадазіроўкі сінтэтычнымі апіёідамі кшталту фентанілу — неэфектыўны супраць неапіоідаў, такіх, як ксілазін. «Налаксон» нядаўна быў ухвалены ў ЗША для безрэцэптурнага продажу і выкарыстання без медычнага кантролю. Ён уздзейнічае на апіёідныя рэцэптары ў галаўным мозгу, нейтралізуючы эфекты дзеяння такіх рэчываў, як фентаніл: у прыватнасці, прыгнятае дыханне. Але для ксілазіну такія антыдоты не былі зацверджаныя. Гэта азначае, што чалавеку, які ўжыў наркотык, для выжывання можа спатрэбіцца больш, чым толькі «Налаксон» — напрыклад, дадатковы кісларод і падтрымка дыхання.
Тым не менш, амерыканскія нарколагі кажуць, што сінтэтычныя апіёіды застаюцца іх галоўнай праблемай. З кожным годам яны забіваюць усё больш і больш амерыканцаў, толькі ў 2021 годзе яны забралі каля 70 000 жыццяў. Для параўнання, у тым годзе ў аўтакатастрофах у ЗША загінула каля 43 000 чалавек.
Улады ўспрымаюць выклік сур'ёзна. У лютым Упраўленне па кантролі за харчовымі прадуктамі і медыкаментамі абвясціла, што пачне правяраць імпартны ксілазін, які можна легальна купляць для выкарыстання ў ветэрынарыі. Падазроныя пастаўкі будуць затрымлівацца. Тым не менш, эксперты падазраюць, што tranq будзе працягваць распаўсюджвацца.
Чытайце таксама:
У ЗША ў свабодным продажы з'явіцца супрацьяддзе ад перадазіроўкі наркотыкамі