У дзіцячых садах Вільні адмаўляюцца ад абавязковай ціхай гадзіны для ўсіх дзяцей. Чым гэта тлумачаць
З гэтага навучальнага года ў дзіцячых садах літоўскай сталіцы адмаўляюцца ад абавязковай ціхай гадзіны для ўсіх дзяцей. Згодна з просьбамі бацькоў (апекуноў), дзецям, якія не спяць днём, прапануюць іншыя віды дзейнасці: маляванне, лепку і іншыя ціхія заняткі, піша Delfi.lt.
31.08.2023 / 13:59
«Гаворка ідзе пра развіццё асоб у дзіцячых садах, а выхаванне дзяцей мы па-ранейшаму спрабуем абгрунтаваць сваім асабістым досведам. Усе дзеці розныя не толькі ў тым, як яны засвойваюць матэрыял, але і ў тым, у якім адпачынку маюць патрэбу.
З новага навучальнага года дзіцячыя сады сталіцы прапануюць дзецям, якія не спяць днём, іншыя віды дзейнасці», — сказала віцэ-мэр Вільні Дональда Мейжэліце, заўважыўшы, што для ўкаранення новаўвядзення спатрэбіцца час.
«Да гэтага часу кожная сям'я сама вырашала гэтую праблему, а зараз у Вільні з'явяцца сістэмныя рашэнні, пра якія мы спрабавалі казаць», — сказала сябра ініцыятыўнай групы Уртэ Жукаўскайце-Забуке.
У дакуменце, перададзеным віленскім дзіцячым садам, сказана, што кіраўнік установы з выхавацелем і бацькамі дамовяцца аб арганізацыі такога адпачынку з улікам магчымасцяў установы (фінансавых, чалавечых і наяўнасці памяшканняў). Форма адпачынку павінна адказваць патрэбам дзяцей пэўнага ўзросту.
У беларускіх дзіцячых садах дзённы сон пакуль абавязковы.