«З'явілася куча праўдаў». Макс Корж запісаў маналог — вось пра што ён
Спявак Макс Корж выпусціў відэа, у якім дзеліцца сваімі развагамі пра жыццё і даводзіць, што магчымасць «жыць у кайф» скончылася і мы вярнуліся ў «жывёльны свет». Знаёмім з асноўнымі думкамі.
01.09.2023 / 20:38
Макс Корж. Скрын відэа спевака
У 16-хвілінным маналогу спевака шмат намёкаў, пафасу і лірыкі.
«Дзе вы, людзі, добрыя людзі, якіх я ўсё жыццё сустракаў на сваім шляху?» — задаецца пытаннем Корж.
«Кожны з нас згубіў веру ў людзей. Кожны з нас знаходзіцца ў падвешаным стане. Аб тое, на чым трымаўся наш свет, аб усе нашы каштоўнасці выцерлі ногі. З'явілася куча праўдаў», — кажа Корж.
Спявак шкадуе, што гэтыя «яны» разбурылі звыклы свет, дзе бачылася будучыня.
Макс Корж. Скрын відэа
«Мы надта добра жылі ў свеце «жыць у кайф». Хто зацягнуў нас назад, назад у «жывёльны свет»? Як у іх атрымалася вярнуць нас туды, дзе быць мярзотнікам — гэта легальна, дзе быць нядобрым чалавекам заахвочваецца?»
Гэтыя «яны», працягвае Корж, заўсёды былі побач.
«Паверце, іх не так шмат, але іх дастаткова, каб спаганіць нам жыццё. Гэта з-за іх сёння людзі патанаюць у крыві.
Колькі гора яны прынеслі, колькі семʼяў разбурылі, колькі лёсаў. Пры ўсім пры гэтым ім яшчэ хапае нахабнасці абвінавачваць саміх жа людзей у тым, што адбываецца навокал».
Корж прызнаецца, што больш за ўсё яго ўражваюць простыя людзі, якія пачынаюць гаварыць «іх» словамі.
«Працягвайце, нягледзячы ні на што. Няхай гавораць: «Так, як раней, ужо не будзе». У нас з вамі дакладна будзе. Нармальных людзей па-ранейшаму большасць», — кажа спявак сваім аднадумцам.
Макс Корж у асяроддзі блізкіх людзей. Скрын відэа
Ён нагадвае, што ў кожнага ёсць сябры і сям'я. А трымацца дапаможа музыка.
«Яны забралі ўсё. Яны забралі нават інтэрнэт. Але адзінае, чаго яны не могуць у нас забраць, — гэта музыка».
Чытайце яшчэ:
«Не сосчитать уж тут в пакетах тел». Макс Корж прэзентаваў новую песню
Рыга пачынае падрыхтоўку да грандыёзнага канцэрта Макса Каржа. Плануецца ўдзел больш за 35 тысяч наведнікаў