Справа аб «здрадзе радзімы» гамельчука, які прызнаўся ў працы на КДБ, пралівае святло на новы прысуд Кацярыне Андрэевай

Жыхар Гомеля Сяргей Васільеў збег ад КДБ у Польшчу, а потым вярнуўся і сеў на 11 гадоў. На гэтую складаную гісторыю звярнула ўвагу выданне Reform.by. Выглядае, што яна звязаная з дадатковай справай палітзняволенай Кацярыны Андрэевай, а таксама з дзейнасцю лукашэнкаўскай агентуры ў краінах Еўрасаюза.

03.09.2023 / 16:55

Калаж Reform.by

У чэрвені 2021 года фатограф-аматар Сяргей Васільеў атрымаў 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пра гэты выпадак практычна нічога невядома шырокай публіцы, але сам сюжэт падобны да шпіёнскага серыяла, гісторыя якога пачалася ў 1990-я.

Сяргей Васільеў вырашыў прызнацца, што больш за 20 гадоў супрацоўнічаў з КДБ, пасля таго, як змог выехаць у Польшчу разам з жонкай і дзвюма дочкамі. У чэрвені 2017 года ён даў інтэрв'ю журналістцы «Белсат» Кацярыне Андрэевай і расказаў пра заданні, якія ён выконваў.

З відэа, знятых Васільевым, сталі вядомыя і імёны некаторых яго куратараў. 

Адзін з іх, Аляксей Цыганкоў, пражываў у Гомелі, а пасля сляды Цыганкова выяўляюцца ў Польшчы. У лістападзе 2022 года ён зарэгістраваў ва Уроцлаве індывідуальнае прадпрыемства і пачаў аказваць паслугі па праграмаванні. Там жа жыве яго дачка. Мяркуючы з іх профіляў у LinkedIn, у Польшчы яны з кастрычніка 2021 года.

У 2019 годзе Васільеў чамусьці вырашае вярнуцца ў Беларусь. Год яго не чапалі.

Больш пра гэтую гісторыю і яе нябачныя ніткі чытайце ў расследаванні на сайце Reform.by. Журналісты гэтага выдання мяркуюць, што новы тэрмін Андрэевай і былога сексота звязаны з тым, каб Цыганкоў змог бесперашкодна працаваць за мяжой.

Nashaniva.com