Холдынг Аляксандра Шакуціна ідзе да банкруцтва

На канец кастрычніка прызначаны разгляд справы аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве) ТАА «Салеа — кіроўная кампанія холдынгу». 20 кастрычніка завяршаецца тэрмін ліквідацыйнага вядзення па справе, гэта гаворыцца на сайце Адзінага дзяржаўнага рэестра звестак аб банкруцтве, заўважыла «НВ».

06.09.2023 / 16:38

Аляксандр Шакуцін. Фота ілюстрацыйнае

«Беручы пад увагу рашэнне сходу крэдытораў, суд лічыць неабходным задаволіць хадайніцтва кіраўніка аб падаўжэнні тэрміну санацыі ТАА «Салеа» — кіроўная кампанія холдынга» да 20.10.2023, паколькі ёсць падставы меркаваць, што прадаўжэнне тэрміну санацыі прывядзе да павелічэння агульнай сумы задаволеных патрабаванняў крэдытораў», — гаварылася ў вызначэнні Эканамічнага суда Мінскай вобласці ад 20 кастрычніка 2022 года аб прадаўжэнні тэрміну санацыі «Салеа-УКХ».

Галоўны офіс «Салеа» знаходзіцца ў Дзяржынску. Раней там быў завод капітальнага рамонту дызельных рухавікоў — яго ў 2011 годзе выкупіў бізнэсмен Аляксандр Шакуцін. У 2013 годзе ён зарэгістраваў ТАА «Салеа».

У сакавіку 2014 года на прадпрыемстве пабываў Аляксандр Лукашэнка. Па выніках візіту было прынята рашэнне аб стварэнні гідраўлічнага холдынга «Салеа». У красавіку 2014 года ТАА «Салеа» перайменавана ў ТАА «Салеа» — кіроўная кампанія холдынга».

Шакуцін тлумачыў тады Лукашэнку, што заснавальнікі ТАА «Салеа» вядуць працу па стварэнні ў Беларусі буйнога холдынга вытворчасці гідраўлічнага абсталявання для машынабудавання.

«Холдынг ствараецца на базе некалькіх прадпрыемстваў у розных рэгіёнах Беларусі і на працягу трох гадоў зможа цалкам замясціць імпарт гідраўлічных машын у Беларусь, на 100% забяспечыць патрэбы беларускіх машынабудаўнічых прадпрыемстваў у высакаякасных сучасных камплектуючых. Акрамя таго, каля 40% прадукцыі плануецца пастаўляць на экспарт, — паведамляла прэс-служба Лукашэнкі 27 сакавіка 2014 года. — Як далажыў Аляксандр Шакуцін, агульны аб'ём інвестыцый складзе больш за $200 млн, акупнасць праекта — 5 гадоў».

Але абставіны ўнеслі ў гэтыя планы карэкціроўкі.

«У мяне з'явілася праблема з холдынгам «Салеа» — не мной ініцыяваная: я даў гарантыю, што яны выканаюць забавязанні, а яны не выканалі! І ўсе іх забавязанні перайшлі на мяне як на фізічную асобу, — распавядаў у свой час Аляксандр Шакуцін у інтэрв'ю «Народнай Волі». —

Санкцыі — гэта яшчэ дробнае. Банкі падалі ў суд, і я сёння не маю права выехаць за мяжу. Не толькі ў Еўропу, але нават у Расію ці Украіну! Я не маю права сесці за руль — так суд вырашыў, у мяне арыштаваная маёмасць. І шмат іншых момантаў ёсць».

Чытайце таксама:

Шакуцін прасіў ЕС зняць з яго санкцыі. Не пашанцавала

Еўрапейскі суд адмовіўся зняць санкцыі яшчэ з трох лукашыстаў

БРЦ: Аляксандр Шакуцін працягвае зарабляць мільёны даляраў у Еўропе, нягледзячы на накладзеныя санкцыі

У Літве замарозілі актывы, звязаныя з Аляксандрам Шакуціным

Шакуцін рызыкуе паўтарыць лёс Чыжа — еўрапейскія санкцыі развальваюць бізнэс

Шакуцін: У мяне забралі правы, арыштаваная маёмасць, я не магу выехаць за мяжу

Nashaniva.com