На будоўлі ў Варшаве загінуў брат беларускага добраахвотніка ва Украіне. Для пахавання на радзіме збіраюць грошы

5 верасня на адной з будоўляў Варшавы загінуў беларус, які працаваў там пасля вымушанай эміграцыі з радзімы. Цяпер ягонае цела хочуць перавезці для пахавання на радзіму і для гэтага збіраюць грошы. 

09.09.2023 / 16:32

На сэрвісе pomagam.pl хочуць сабраць 30 000 злотых (амаль 7000 даляраў). Пакуль сабралі палову ад гэтай сумы.

«Рома быў антыфашыстам з Гродна, актыўна ўдзельнічаў у актывісцкай дзейнасці, але перш за ўсё заўсёды быў усмешлівым і добразычлівым чалавекам. Ён прыехаў у Польшчу ў пошуках лепшага жыцця.

На жаль, у аўторак, 5 верасня, з ім адбыўся няшчасны выпадак на будоўлі. Нягледзячы на аказаную дапамогу і на тое, што яго прывезлі ў бальніцу, Рома памёр», — пішуць на сэрвісе.

Раману быў 21 год. Падчас працы ён упаў з будаўнічых рыштаванняў з вышыні чацвёртага паверха. У цяжкім стане яго даставілі ў бальніцу, але выратаваць хлопца не змаглі. Вечарам 5 верасня ён памёр ад атрыманых траўмаў.

Старэйшы брат Рамана ваюе ва Украіне пад пазыўным Чарлі, а ягоная маці жыве ў Беларусі. Выдаткі на дастаўку яго дадому і пахаванне велізарныя.

«Любое, нават самае нязначнае ахвяраванне стане велізарным укладам у дапамогу сям'і Ромы і дапаможа нам выканаць яго апошняе жаданне — вярнуцца дадому. Мы лічым сябе абавязанымі забяспечыць яму душэўны спакой і годнае развітанне», — пішуць ягоныя сябры.

Далучыцца да збору можна па спасылцы.

Чытайце таксама:

У Варшаве затрымалі 20-гадовага беларуса, які прадстаўляўся работнікам банка і выманьваў грошы

«У мяне на руках памерлі «Волат» і «Брэст». Беларускі парамедык «Бровар» расказаў пра свае паўтара года на вайне

«Я плачу, муж праклінае ўладу». Беларусы расказваюць, з якімі праблемамі сутыкнуліся пасля новага ўказа Лукашэнкі

Nashaniva.com