Буданаў не лічыць, што вайна з Расіяй будзе працяглай

Начальнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны Кірыл Буданаў лічыць, што вайна РФ супраць Украіны не будзе доўгатэрміновай. Пра гэта ён сказаў на штогадовай сустрэчы «Ялцінскай еўрапейскай стратэгіі», перадае «Інтэрфакс-Украіна».

10.09.2023 / 08:19

Кірыл Буданаў. Фота: Дзмітрый Ларын / «Украінская праўда»

«Я не падзяляю меркавання, што гэта будзе працяглая вайна. Гэта маё асабістае меркаванне, якое грунтуецца на аналізе тых даных, якія мы маем, першым чынам па суперніку», — сказаў ён.

Паводле яго слоў, расіяне фізічна не могуць весці доўгатэрміновыя дзеянні.

«Але, зноў жа, калі вы кажаце аб паўгоддзі, аб сямі месяцах, аб годзе, і думаеце, што гэта працяглы тэрмін — то цалкам зразумела, што вы маеце рацыю», — сказаў начальнік ваеннай разведкі.

Адказваючы на ​​пытанне аб поспеху ўкраінскага контрнаступлення на паўднёвым усходзе краіны, Буданаў адзначыў, што наступ ідзе адразу па некалькіх кірунках, і не толькі там. 

«Як бы ні здавалася, наступ працягваецца. Ідзе не так хутка, як хацелася б, я таксама гэтага не хаваю», — сказаў ён.

Буданаў прызнаў, што расейцы маюць добра выбудаваную лінію абароны, «і не адну лінію», а таксама маюць велізарную колькасць пераносных супрацьтанкавых комплексаў.

«Асноўныя праблемы, з якімі сутыкнуліся, — бесперапыннае мініраванне і велізарная колькасць малых беспілотнікаў-камікадзэ», — сказаў кіраўнік ваеннай выведкі.

Адказваючы на ​​пытанне аб тым, ці паўплывае змяненне надворʼя на контрнаступленне, Буданаў сказаў, што «так ці інакш баявыя дзеянні будуць працягвацца», але прызнаў, што «ў мароз, слоту і бруд ваяваць складаней».

«Ваенныя дзеянні будуць працягвацца. Наступальная аперацыя ідзе па ўсіх кірунках, і, падкрэслю, яна ідзе па некалькіх кірунках, гэтак жа яна будзе працягвацца», — сказаў Буданаў.

Пры гэтым ён заявіў, што падчас агрэсіі супраць Украіны расейцы страцілі ваенную моц.

«Прафесійнае войска ў агульным сэнсе скончылася восенню мінулага года, ваююць мабілізаваныя. Гэта таксама відавочны факт. Вытворчасць новых відаў узбраення і тэхнікі недастатковая. Тое, што яны заяўляюць і спрабуюць паказаць, не адпавядае рэчаіснасці», — сказаў кіраўнік вайсковай выведкі. 

«Нельга проста казаць, што ў іх усё дрэнна, што яны дурныя і г. д. Не, гэта зусім не так. Яны прыстасоўваюцца, спрабуюць змяніць тактыку прымянення сваіх узброеных сіл», — падкрэсліў ён. 

Пры гэтым кіраўнік ГУР падкрэсліў, што са стратэгіяй у расейцаў нічога не атрымліваецца, але з тактыкай «ёсць, на жаль, пазітыўныя для іх зрухі».

«Цяпер яны шмат у чым капіруюць нашы дзеянні», — дадаў Буданаў.

Nashaniva.com