Грошы, сабраныя падчас марафону «Нам не ўсё адно!», пачалі паступаць ініцыятывам, якія дапамагаюць палітвязням
Першыя пераводы атрымалі Dissidentby, «Краіна для жыцця», BY_help і Рада культуры, піша «Свабода» са спасылкаю на арганізатараў.
12.09.2023 / 15:11
Станам на цяпер у гэтыя арганізацыі накіравана 63,5 тысячы еўра з 557,8 тысячы сабраных. Іншыя плацяжы — у працэсе.
Арганізатары збору зазначаюць, што ўсё робіцца акуратна і па законах. Прадстаўнікі ініцыятыў падпісваюць дамовы асабіста ў прысутнасці натарыуса. Банк хоча быць упэўненым, што гэта не адмыванне грошай, таму патрабуе шмат дакументаў. Ёсць і пытанне з падаткамі. Усё гэта адбірае шмат часу, прызнаюцца арганізатары.
Пры ўсіх цяжкасцях не змяніўся намер арганізатараў марафону выдаткаваць сабраныя сродкі на перадачы, медыцынскую дапамогу, аплату адвакатаў і фінансавую дапамогу сем’ям палітычных вязняў. Грошы размяркоўваюцца сярод ініцыятыў, якія непасрэдна дапамагаюць палітвязням і іх сем’ям — зыходзячы з іх патрэб.
Марафон салідарнасці з палітвязнямі праходзіў 29—30 ліпеня — падчас яго атрымалася сабраць больш за 574 000 еўра. Праз месяц улады яго прызналі «экстрэмісцкім».