МУС заявіла, што ведае беларусаў, якія атрымалі дазволы на жыхарства за мяжой
У Міністэрстве ўнутраных спраў нагадалі, што 11 ліпеня ўступілі ў сілу змены і дапаўненні ў закон «Аб грамадзянстве» і што неабходна інфармаваць адпаведныя органы аб атрыманні ДНЖ і іншых замежных дакументаў.
13.09.2023 / 10:44
Фота: БелТА
У органах унутраных спраў заяўляюць, што валодаюць інфармацыяй пра людзей, якія маюць замежнае грамадзянства або дазвол на жыхарства. Таму ў выпадку наяўнасці вышэйзгаданых дакументаў МУС рэкамендуе паведаміць пра гэта самастойна, каб пазбегнуць у далейшым адказнасці, увядзенне якой прапрацоўваецца.
У МУС падкрэсліваюць пра абавязак грамадзян Беларусі ў трохмесячны тэрмін паведаміць аб наяўнасці або набыцці грамадзянства або падданства, дазволу на жыхарства ці іншага дакумента замежнай дзяржавы. Гаворка ідзе пра дакументы, якія даюць права на льготы і іншыя перавагі ў сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі або нацыянальнай прыналежнасцю.
Паведамляецца, што зрабіць гэта можна некалькімі спосабамі, напрыклад, на Адзіным партале электронных паслуг інфармацыйнай сістэмы platform.gov.by. Для гэтага трэба папярэдне атрымаць электронны лічбавы подпіс і стварыць асабісты кабінет на партале.
Таксама можна непасрэдна звярнуцца ў орган унутраных спраў або дыпламатычнай службы па месцы свайго знаходжання. Паведаміць аб атрыманні такіх дакументаў можна праз сістэму ўліку і апрацоўкі зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб (зварот.бел) альбо пры дапамозе пісьмовага звароту ў орган унутраных спраў або дыпламатычнай службы.
Інфармаванне аб наяўнасці замежнага дакумента ажыццяўляецца любым з пералічаных спосабаў шляхам прадстаўлення запоўненага бланка паведамлення з копіяй замежнага дакумента. На сайце МУС у падраздзеле «Грамадзянства» раздзела «Формы заяў. Бланкі і ўзоры заяў» размешчаны формы паведамлення на беларускай і рускай мовах. Запоўніць неабходна адну з іх на выбар.
У МУС таксама кажуць, што грамадзяне актыўна заяўляюць аб сваіх замежных дакументах. І такіх ужо 6500 чалавек.
Чытайце таксама:
Беларусцы адмовілі ў выдачы польскага праязнога дакумента замежніка для нованароджанага дзіцяці
Стварылі сайт, які мае дапамагчы беларусам вырашаць пашпартныя праблемы
У Літве збіраюцца прадоўжыць тэрмін дзеяння пашпартоў іншаземцаў для беларусаў