Высветлілася, што за людскія парэшткі выкапалі падчас будаўніцтва кацельні ў Дзяржынску
Гэтым летам падчас будаўніцтва новай кацельні для Дзяржынскай бальніцы рабочыя выявілі чалавечыя косці і чарапы. А яшчэ амаль праз месяц — надмагільны помнік XIX стагоддзя. Адкуль у гэтага ўсяго растуць ногі? Версій было шмат. Усе кропкі над «і» дапамаглі расставіць супрацоўнікі аддзела археалогіі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, піша рэгіянальны партал Dzr.by.
14.09.2023 / 00:24
Са жніўня, як толькі паступіла інфармацыя аб нечаканай знаходцы на будпляцоўцы, спецыялісты перыядычна наведваліся ў Дзяржынск.
«Замоўца — Упраўленне капітальнага будаўніцтва Мінаблвыканкама — звярнуўся да нас адносна археалагічнага суправаджэння аб'екта. З таго моманту мы выязджаем на месца для фіксацыі і збору антрапалагічнага матэрыялу, — расказаў вядучы навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Вадзім Кошман. — Пасля перадамо яго антраполагам для вызначэння полаўзроставых характарыстык».
Сёння ўжо праведзена першапачатковае навуковае вывучэнне тых пахаванняў, якія былі закранутыя пры земляных работах. Спецыялісты ўпэўненыя: тут размяшчаліся хрысціянскія могілкі, якія можна ўбачыць на картах Дзяржынска пачатку XIX стагоддзя.
«Мяркуючы з усяго, будаўнікі выявілі як рэгулярнае пахаванне, так і скід касцяных парэшткаў, які мог утварыцца, у тым ліку, у працэсе будаўніцтва нейкага аб'екта. Магчыма, 60-70 гадоў таму рабочыя закранулі гэтыя пахаванні. Пасля чаго парэшткі скінулі ў адным месцы і закапалі. Адсюль і ненатуральныя паставы, вертыкальнае размяшчэнне некаторых шкілетаў».
Што цікава, на гэтых могілках маглі быць пахаваныя парафіяне і кальвінскага збору (пратэстанцкія могілкі), і касцёла Святой Ганны (каталіцкі пагост).
«У асноўным усе пахаванні, якія мы тут бачылі, скажам так, стандартныя. Людзі ляжаць на спіне, галавой размешчаныя на захад, рукі складзеныя на жываце. Усюды маюцца сляды трунаў, абіўкі ад трунаў, мінімальнага пахавальнага інвентару, што ўкладаецца ў хрысціянскія традыцыі і пратэстанцкай культуры, і каталіцкай».
Казаць, што гэтыя пахаванні звязаныя з перыядам Першай ці Другой сусветных войнаў, пакуль няма ніякіх падстаў. Апошні факт пацвярджаюць і ўсе знойдзеныя на месцы пахавання прадметы.
«Любая хрысціянская традыцыя, як пратэстанцкая, так і каталіцкая, — гэта сціплыя пахаванні, аскетычнасць, мінімум упрыгожванняў. Таму і з рэчаў былі знойдзеныя толькі фрагменты гузікаў, адзення, абутку, трунныя цвікі і іншыя матэрыялы. Нічога лішняга».
Сёння падчас раскопак археолагі таксама знайшлі надмагільны крыж і кутнюю пячную кафлю з зялёнай глазурай XVII-XVIII стагоддзяў.
Акрамя касцяных парэшткаў, на будпляцоўцы знайшлі таксама надмагільны помнік XIX стагоддзя. Яго адкапалі ў першыя дні працы, але пад пластом грунту будаўнікі заўважылі яго не адразу. З-пад насыпу помнік вынялі на мінулым тыдні.
Па словах спецыялістаў, усе пахаванні знаходзяцца на адлегласці 1,5-2 метраў адзін ад аднаго. Верагодна, вернікаў у Койданава было няшмат, а таму магілы размяшчаліся даволі свабодна.
Не выключана, што на гэтым месцы пахаваныя былі і нашчадкі роду Радзівілаў. Па гістарычных звестках, іх хавалі якраз побач з кальвінскім зборам. Кальвінскі збор быў яшчэ і пахавальняй. Гэта ўнікальная па беларускіх мерках пратэстанцкая грабніца, аналагічная той, што зладзілі нясвіжскія Радзівілы ў касцёле Святога Божага Цела.
А пакуль супрацоўнікі Акадэміі навук плануюць накіраваць ліст у Дзяржынскі райвыканкам, каб знойдзены на месцы раскопак надмагільны помнік (дарэчы, выдатна захаваўся) пакінуць ва ўласнасці раёна. Ёсць прапанова ўсталяваць яго ці побач з касцёлам, ці ў Дзяржынскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі.
Чытайце таксама:
У Польшчы знойдзены пахаванні «вампіраў» XVII стагоддзя
У рацэ Бесядзь знайшлі парэшткі маманта — МНС
У Лондане знайшлі забытую магілу вядомага беларускага мастака