У якіх краінах людзі лепш за ўсё спяць?

Вам, хутчэй за ўсё, не пашанцавала, калі вы жывяце ў Азіі.

16.09.2023 / 18:05

Фота: vecteezy

Няма нічога больш важнага для здароўя чалавека, чым паўнавартасны, якасны сон. Ён займае каля траціны нашага жыцця. І ўсё ж пра гэта дзіўна мала вядома. Але ці адрозніваецца сон у розных краінах? Розныя апытанні паказваюць, што некаторыя краіны больш населены «совамі», а ў іншых пераважаюць «жаўранкі».

Ці справядлівы стэрэатып, што, напрыклад, жыхары Усходняй Азіі звычайна спяць менш, чым жыхары Амерыкі ці Еўропы? The Economist расказвае пра новую працу, якая спрабуе запоўніць некаторыя прабелы, звязаныя з вышэй акрэсленымі пытаннямі.

Даследчыкі з Нацыянальнага ўніверсітэта Сінгапура і фінскага стартапа Oura Health прааналізавалі ананімныя даныя, сабраныя з папулярнай прылады, фітнэс-пярсцёнка, у перыяд са студзеня 2021 года па студзень 2022 года. Навукоўцы вывучылі звычкі сну больш чым 220 000 чалавек з 35 краін. У той час як даследаванні сну гістарычна абапіраліся на суб’ектыўныя даныя апытанняў невялікай колькасці людзей у нейкі момант часу, то спецыяльныя праграмы могуць аб'ектыўна адсочваць сон па рухах, частаце сардэчных скарачэнняў і тэмпературы цела ў вялікіх выбарках карыстальнікаў і цягам даўжэйшых перыядаў.

Даследчыкі выявілі, што рэжым сну ў розных краінах значна адрозніваецца. Лепш за ўсё спяць у паўночнаеўрапейскіх краінах (Эстонія, Фінляндыя, Ірландыя і Нідэрланды), а таксама ў Аўстраліі і Новай Зеландыі, дзе людзі ў сярэднім праводзяць у ложку сем гадзін за суткі. Першую дваццатку краін з рэйтынга працягласці сну вы можаце пабачыць ніжэй. Беларусі ў гэтым рэйтынгу, на жаль, няма.

Другі і чацвёрты слупок — час сну ў гадзінах (у будныя і выхадныя дні адпаведна).

Трэці і пяты слупок — доля сну ад агульнага часу ў ложку (у будныя і выхадныя дні адпаведна).

Крыніца (тут і ніжэй): «Country differences in nocturnal sleep variability» by Adrian Willoughby et al., Sleep Medicine, August 2023

Як і чакалася, менш за ўсё спяць у азіяцкіх краінах, дзе ў будныя дні людзі праводзяць у салодкіх абдымках сну менш чым шэсць з паловай гадзін — гэта прыкладна на 30 хвілін менш, чым у астатнім свеце.

Час засынання і абуджэння звычайна падобныя ва ўсіх краінах (гл. табліцу ніжэй), хоць аўтары і адзначаюць, што людзі ў Азіі найчасцей засынаюць на 35 хвілін пазней за сярэдні паказчык. Прачынаюцца ж азіяты звычайна прыкладна ў той жа час, што і людзі ў іншых месцах.

Левы слупок — час адыходу да сну. Правы слупок — час абуджэння.

Колькасць сну таксама ідзе побач з якасцю сну. Новае даследаванне паказала, што людзі ў Азіі не толькі пазней кладуцца спаць і ў цэлым спяць менш, але яны таксама праводзяць больш часу, круцячыся ў ложку. То-бок іх сон менш стабільны і якасны. Можна было б чакаць, што такі дрэнны сон на працягу тыдня можа прывесці да больш працяглага сну ў выхадныя, калі людзі ва ўсім свеце імкнуцца спаць на 5—25 хвілін даўжэй. Але аўтары выявілі, што азіяты не толькі спяць менш за еўрапейцаў цягам працоўнага тыдня, яны таксама менш «наганяюць» недаспаны час у суботы і нядзелі.

Даследчыкі прыходзяць да высновы, што сацыяльныя фактары — у тым ліку догляд дзяцей, праца і культурныя звычаі і звычкі — могуць мець большае значэнне для сну, чым лічылася раней. Напрыклад, ранішняя малітва можа перашкаджаць сну ў мусульманскіх краінах. А вось пасляабедзенная сіеста ў міжземнаморскіх краінах кшталту Іспаніі, Грэцыі і Італіі мае адваротнае дзеянне. 

Аўтары мяркуюць, што праца можа іграць асабліва важную ролю ў фармаванні рэжыму сну ва ўсім свеце. Апытанні выкарыстання часу, адзначаюць яны, паказваюць моцную ўзаемасувязь паміж доўгім часам працы і кароткім сном. Нават калі ўлічыць святочныя дні, сярэдні паўднёвакарэец працуе ў сярэднім 36,5 гадзіны на тыдзень супраць 27 гадзін сярэдняга нідэрландца. Дзіва што карэйцы маюць на ​​40 хвілін менш сну штоноч.

Чытайце таксама:

Ваш генетычны «хранатып» можа растлумачыць, чаму так цяжка прачнуцца рана

Як ежа ўплывае на наш сон і што з гэтым рабіць

Хочаце палепшыць сон? Старайцеся пазбавіцца гэтай звычкі

Nashaniva.com