У выміраючым палескім райцэнтры пабудуюць мега-РАУС са спартыўнымі пляцоўкамі, цірам і ІЧУ
У Петрыкаве збіраюцца патраціць 5 млн долараў на пабудову новага будынка для мясцовай міліцыі, піша «Флагшток».
18.09.2023 / 11:34
Цяперашні будынак Петрыкаўскага РАУС. Фота: Яндэкс.Карты
Гомельскае абласное УКБ праводзіць выбар генеральнай праектнай арганізацыі на ўзвядзенне комплексу будынкаў і збудаванняў Петрыкаўскага РАУС. Для яго будаўніцтва выдзелена тэрыторыя плошчай 1,63 га.
Пляцоўка, выдзеленая пад узвядзенне комплексу будынкаў Петрыкаўскага РАУС
У двухпавярховым адміністрацыйным будынку агульнай плошчай 2,9 тыс. кв. м плануюць размясціць: інспекцыю па справах непаўналетніх, крымінальна-выканаўчую інспекцыю, аператыўна-дзяжурную службу, аддзел па грамадзянстве і міграцыі, аддзел ДАІ.
Адміністрацыйны будынак прызначаны для працы 93 супрацоўнікаў. Акрамя працоўных кабінетаў, тут размесцяць музей, спартзалу, залу для нарад на 94 чалавекі і іншыя дапаможныя памяшканні.
Непасрэдна ў гэтым жа будынку будзе размешчаны і ізалятар часовага ўтрымання. У ІЧУ будзе 8 камер, прызначаных для размяшчэння 24 чалавек, а таксама аднамесныя карцар і ізалятар.
На тэрыторыі комплексу таксама размесцяць гаражы для грузавога і легкавога спецтранспарту, стаянкі для канфіскаваных транспартных сродкаў, цір, пляц, дзве спартыўныя пляцоўкі і іншыя дапаможныя збудаванні.
Гэты РАУС стане найбуйнейшым міліцэйскім будынкам у раённым горадзе Гомельскай вобласці. Каштарысная вартасць будаўніцтва комплексу складае 16,1 млн беларускіх рублёў, што на сённяшні дзень складае амаль 5 млн даляраў. Гэта ў 2,5 разы больш, чым будаўніцтва будынка суда ў Навабеліцкім раёне ў 2021 годзе.
У Петрыкаве жыве каля 10 тысяч чалавек. Будаўніцтва вялізнага міліцэйскага комплексу адбудзецца ў фактычна выміраючым раёне. Тут зафіксавана найбольш істотнае скарачэнне колькасці насельніцтва ў Гомельскай вобласці ў 2022 годзе: мінус 2,6 працэнта.
Прычынай будаўніцтва новага РАУС мог стаць запуск у Петрыкаве горна-абагачальнага комплексу на 1719 працоўных месцаў. Як паказалі пратэсты 2020 года, маладыя работнікі прыбытковых прадпрыемстваў уяўляюць патэнцыйную небяспеку для рэжыму Лукашэнкі, піша выданне.