Беларусь з групай дыктатарскіх рэжымаў спрабавала праз ААН асудзіць санкцыі супраць сябе. Але нават Кітай не падтрымаў

У распараджэнні выдання National Review з'явілася копія афіцыйнага ліста, у якім 11 дыктатур, у тым ліку Беларусь, на днях выказвалі ААН калектыўнае незадавальненне з-за адсутнасці ў афіцыйных дакументах крытыкі эканамічных санкцый. Для ўплыву на ААН дыктатуры таксама маглі выкарыстаць адну лукашэнкаўскую прыхільніцу. 

19.09.2023 / 10:01

Фота: «Наша Ніва»

17 верасня рэжым Лукашэнкі сумесна з такімі дыктатарскімі краінамі, як Эрытрэя, Зімбабвэ, КНДР, Нікарагуа, Балівія, Куба, Расія, Венесуэла, Сірыя і Іран напісалі калектыўны ліст на імя кіраўніцтва ААН з просьбай унесці іх пазіцыю з крытыкай эканамічных санкцый (менавіта ўведзеных супраць іх) у выніковыя афіцыйныя дакументы арганізацыі.

Як піша выданне National Review, у выпадку поспеху гэта магло б быць «калектыўнай прапагандысцкай перамогай дыктатур і значным ударам па палітыцы абароны правоў чалавека ў свеце». Аднак гэтага не адбылося.

Прапановы дыктатарскіх рэжымаў так і не былі ўключаны ў фінальны дакумент «пра Мэты ўстойлівага развіцця ААН да 2030 года», які быў прыняты падчас 78-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, што адбываецца цяпер у ЗША.

«Група з 11 дыктатарскіх рэжымаў, у тым ліку Беларусь, паскардзілася чыноўнікам ААН на адсутнасць афіцыйнай крытыкі ўведзеных супраць іх санкцый у дакументах арганізацыі, бо гэта нясе «экзістэнцыйную пагрозу» іх выжыванню. 

Рэжымы першапачаткова заявілі, што іх прапановы падтрымаюць Кітай і іншыя краіны, якія спачуваюць ім у ААН. Аднак гэтага ў выніку не адбылося», — адзначае National Review.

Выданне таксама зважае на тое, што ў калектыўным лісце дыктатуры пры апісанні негатыўнага ўплыву санкцый на іх краіны спасылаліся на «крыніцы ўнутры ААН».

National Review мяркуе, што пад гэтай фармулёўкай можа хавацца Алена Доўгань — грамадзянка Беларусі, якая мае значны паслужны спіс у беларускіх адукацыйных установах і з 2020 года займае пасаду спецдакладчыцы ААН па пытаннях негатыўнага ўплыву санкцый на ажыццяўленне правоў чалавека. 

«На гэтай пасадзе Доўгань рэгулярна спрабуе адгарадзіць дыктатарскія рэжымы ад міжнароднага ціску», — піша выданне.

Алена Доўгань, грамадзянка Беларусі на пасадзе спецдакладчыцы ААН па пытаннях негатыўнага ўплыву санкцый на ажыццяўленне правоў чалавека, праводзіць прэс-канферэнцыю ў Іране з асуджэннем санкцый супраць гэтай таталітарнай краіны, 2022 год. Фота: AP

З самім калектыўным лістом можна азнаёміцца тут. Пад ім падпісаліся лукашэнкаўскі дыпламат Валянцін Рыбакоў і прадстаўнікі астатніх 10 дыктатарскіх рэжымаў. Яны адзначылі, што працягнуць спробы ўплываць на выніковыя дакументы ААН у будучыні.

Чытайце таксама:

За кулісамі Генасамблеі ААН: вось як Лукашэнка прайграў Славеніі 38:153

Вячорка патлумачыў, у чым важнасць візіту Ціханоўскай у Еўрапарламент і на Генасамблею ААН

Еўрапарламент заклікаў Міжнародны крымінальны суд выдаць ордар на арышт Лукашэнкі

Nashaniva.com