Ціханоўская знаходзіцца на Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку. Яна сустрэлася з віцэ-прэзідэнткай Microsoft
Беларуская лідарка Святлана Ціханоўская знаходзіцца на Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку. На палях саміту яна наведала офіс Microsoft у ААН, паведамляе Офіс палітыка.
19.09.2023 / 11:28
Святлана Ціханоўская. Фота: прэс-служба палітыка
«Я сюды прыехала, каб адстойваць інтарэсы беларусаў. Я буду гаварыць пра нашых палітвязняў — неабходныя рашучыя дзеянні па іх вызваленні. Я буду гаварыць пра пагрозу незалежнасці — Расея павінна вывесці свае войскі і сваю ядзерную зброю з нашай краіны. Я буду гаварыць пра прыцягненне да адказнасці памагатых рэжыму, якія захапілі і незаконна ўтрымліваюць уладу.
Я буду гаварыць пра новыя пашпарты — беларусы павінны мець магчымасць легальна знаходзіцца і працаваць у іншых краінах. Я буду гаварыць праўду, у адрозненне ад прадстаўнікоў рэжыму, што будуць ілгаць на паседжаннях пра бяспечную ды квітнеючую Беларусь», — сказала Ціханоўская.
На палях генасамблеі ААН Святлана Ціханоўская наведала офіс Microsoft у ААН, паўдзельнічала ў дыскусіі, арганізаванай кампаніяй Microsoft на тэму, як тэхналагічныя кампаніі і штучны інтэлект могуць дапамагаць людзям падчас крызісаў. Святлана Ціханоўская сустрэлася з віцэ-прэзідэнткай Microsoft Тэрэзай Хатсан, намесніцай кіраўніцы USAID Ізабэль Коўлман, паведамляе прэс-служба палітыка.
Ціханоўская падзякавала Microsoft за падтрымку беларускіх медыя і НДА пасля 2020 года і дамовілася, што кампанія будзе працягваць сваю праграму па Беларусі. У прыватнасці, сотні рэпрэсаваных беларускіх арганізацыяў змаглі атрымаць бясплатныя ці льготныя падпіскі на сэрвісы Microsoft Office, воблачныя сэрвісы кампаніі, а таксама юрыдычныя кансультацыі ад кампаніі.
Таксама кампанія распрацавала сістэму абыходу блакіроўкі «экстрэмісцкіх» медыя ў Беларусі, якая дазваляе беларусам унутры краіны пры дапамозе штучнага інтэлекту бяспечна заходзіць на забароненыя сайты, піша прэс-служба Ціханоўскай.
Таксама ў працы Генасамблеі ААН бярэ ўдзел намеснік старшыні Кабінета Валер Кавалеўскі.