Зіма на носе, а пасольства Беларусі ў Літве не можа знайсці сабе пастаўшчыка газу — з ім адмаўляюцца супрацоўнічаць
Як стала вядома «Нашай Ніве» ад інфармаванай крыніцы, пасольства Беларусі ў Вільні ўваходзіць у балтыйскую восень у няпэўнай кандыцыі — не могуць дамовіцца з літоўскім пастаўшчыком газу. Імаверна, па палітычных прычынах.
20.09.2023 / 20:47
Фота: lithuania.mfa.gov.by
Як паведаміў нам суразмоўца, у амбасады не выйшла дамовіцца з найбуйнейшым пастаўшчыком энергіі ў Літве — «Ігніцісам». Гэта кампанія і з прыватнай, і з дзяржаўнай долямі.
Імаверна, гаворка ідзе пра палітычныя прычыны: Літва заняла прынцыповую пазіцыю адносна рэжыму Лукашэнкі, праз што стала ахвярай кампаніі па распальванні нянавісці ў Беларусі, а таксама зазнала атаку мігрантаў на сваю мяжу з боку рэжыму Лукашэнкі.
У той жа час нядаўна Лукашэнка падпісаў указ, які пазбаўляе дыппрадстаўніцтва часткі функцыяналу — амбасады больш не могуць мяняць і выдаваць пашпарты, для гэтага трэба вяртацца ў Беларусь.
Як вядома «Нашай Ніве», амбасада спрабуе знайсці іншага пастаўшчыка. Пастаўшчыкі энергіі ў Літве канкуруюць між сабой, але і самі прымаюць рашэнні.
Вядома, што штат беларускага пасольства ў Вільні моцна скарочаны, чакаць вырашэння банальных пытанняў грамадзянам Беларусі, якія жывуць у Літве, даводзіцца месяцамі.
Беларускае пасольства ў Вільні размешчана ў прыгожым будынку. Пад плотам стаяць дзясяткі партрэтаў забітых і зняволеных беларусаў, валанцёры рэгулярна запальваюць свечкі. Насупраць будынка — мурал з палітвязнем, нобелеўскім лаўрэатам Алесем Бяляцкім.
Мурал з партрэтам Алеся Бяляцкага ў Вільні, які знаходзіцца насупраць беларускай амбасады. Фота: «Наша Ніва»