Футбаліст-ветэран аказаўся суровым сцюардам. Два яскравыя эпізоды беларускага чэмпіянату па футболе нечакана зліліся ў адзін

Два яскравыя эпізоды на футбольным стадыёне ў Смаргоні — перашкода з боку сцюарда футбалісту зрабіць прапанову дзяўчыне і выхад на поле 68-гадовага гульца — аказаліся звязаныя паміж сабой непасрэдным чынам. Галоўная дзейная асоба ў абодвух выпадках — той жа самы чалавек.

20.09.2023 / 16:59

Сяргей Новік

У лістападзе мінулага года ў сацсетках не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце завірусілася відэа са смаргонскага стадыёна. Тады гулец клуба «Смаргонь» Уладзіслаў Шубовіч вырашыў зрабіць сваёй дзяўчыне прапанову пасля забітага мяча. Але сцюард паспрабаваў перашкодзіць яму гэта зрабіць, а дзяўчыну наогул адпіхнуў.

А зусім нядаўна на тым жа смаргонскім стадыёне здарыўся яшчэ адзін адметны факт: у складзе гаспадароў на замену на 84-й хвіліне выйшаў Сяргей Новік — 68-гадовы абаронца. Гэта рэкорд для чэмпіянатаў Беларусі, хай сабе і зафіксаваны толькі ў другой лізе. 

Цяпер жа высветлілася, што і той суровы сцюард, і футбольны ветэран — адна і тая ж асоба. Пра той інцыдэнт з закаханымі сам Сяргей Новік расказаў у інтэрв'ю выданню Betnews.by.

«Абавязкі сцюарда — забяспечваць бяспеку на стадыёне, не пускаць гледачоў на поле, не дазволіць ім кантактаваць з гульцамі і суддзямі.

Не хачу нікога вінаваціць, але, мяркую, арганізатары мерапрыемства недапрацавалі. Рабі што хочаш — хоць выводзь дзяўчыну ў цэнтр поля. Але не падчас матча ж!

І вось «Смаргонь» забівае гол. Прычым вызначаецца Уладзіслаў Шубовіч, які і вырашыў зрабіць прапанову сваёй дзяўчыне. Бачу, што да поля бяжыць высокі хлопец. Я яго прыбіраю, але тут жа з-за яго спіны выскоквае гэтая дзяўчына. А ўся каманда пасля забітага гола ўжо побач з намі.

Ну, я яе і адштурхнуў… можа, занадта жорстка атрымалася. Натуральна, будучы муж заступіўся за нявесту і адштурхнуў мяне. І тут другі трэнер «Смаргоні» Уладзіслаў Мар'янавіч Дукса кажа мне, што прапанову рукі і сэрца вырашылі зрабіць проста цяпер.

Нас папярэджвалі. Але быццам бы казалі, што гэта адбудзецца ў перапынку. Атрымліваецца, усё сапсаваў гол. Вы ж выдатна ведаеце правілы правядзення спаборніцтваў. Можа, і суддзя павёў сябе няправільна. Нельга спыняць матч і запрашаць цалавацца ў цэнтр поля. Дзе жоўтая картка за зацягванне часу гульні?

Але я не апраўдваю сябе. Разумею: яны людзі маладыя і хацелі ўсё зрабіць прыгожа. Меркаванні тады падзяліліся. Але, дзякуй богу, усё вырашылася, і ніякай крыўды не засталося. А я, так бы мовіць, атрымаў свае 18 мільёнаў праглядаў. Нават англічане публікавалі ў сябе. Ха, выйшаў на сусветны ўзровень.

Дарэчы, мы потым абыгралі гэты эпізод на ўшанаванні «Смаргоні» з нагоды выхаду ў вышэйшую лігу. Я надзеў прыгожы касцюм, гальштук. Наш цемнаскуры легіянер Крысціян Інтсоен вырашыў зрабіць прапанову смаргонскай дзяўчыне. Я нацягваю майку сцюарда на свой касцюм, падыходжу да дзяўчыны, бяру яе пад руку і выводжу на сцэну. Крысціян становіцца на калена, дорыць пярсцёнак, кветкі, і тая адказвае згодай. А я ціхенька адыходжу ўбок.

Вельмі мілая сцэна. Усе запляскалі. Такі жыццёвы момант».

Чытайце таксама:

68-гадовы футбаліст пра дэбют на полі: Мяне яшчэ пазнавата выпусцілі! Я рваўся ў бой раней

Сотні школьнікаў выбеглі на поле «Барысаў-Арэны» пасля матча расійскіх блогераў. Аднаго блогера эвакуявала ахова

Як цяпер выглядае былы ўкраінска-беларускі футбаліст Арцём Мілеўскі. Заўзятары б'юць трывогу

У Барысаве прайшоў матч расійскай футбольнай медыялігі. Амаль аншлаг

Любіць дранікі з мясам, ужо прывык да беларускай бульбы і ведае некалькі беларускіх слоў. Камерунскі футбаліст расказаў, як яму жывецца ў Смаргоні

Nashaniva.com