Мікрахімерызм сведчыць, што кожны з нас носіць часцінку іншага
Як сцвярджаюць вучоныя, у арганізме чалавека на мільён сваіх клетак прыходзіцца адна чужая. Яе ён можа атрымаць як ад маці, так і ад сваіх братоў ці сясцёр, а таксама дзяцей і нават зусім чужых людзей. Як чужыя клеткі трапляюць у арганізм і якую ролю адыгрываюць?
23.09.2023 / 16:58
Лічбавая выява Х і Y храмасом чалавека. Фота: Yuichiro Chino/Getty Images
Што такое мікрахімерызм
Тэрмін «мікрахімерызм» азначае наяўнасць вельмі невялікай колькасці генетычна чужародных клетак у арганізме гаспадара (чалавека або жывёлы).
Упершыню гэтую з'яву апісалі ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, калі было заўважана, што клеткі маці могуць трапляць у арганізм дзіцяці праз плацэнту.
У канцы 1970-х гадоў было адкрыта існаванне зваротнага трафіку клетак — ад дзіцяці да маці. У 1990-я гады навукоўцам з Сіэтлу (ЗША) ўдалося знайсці здаровыя матчыныя клеткі ў дарослых мужчын. А ў адной жанчыны была знойдзена Y-храмасома праз некалькі дзясяткаў гадоў пасля таго, як яна нарадзіла сыноў.
На сённяшні дзень даказана, што чужыя (ці мікрахімерныя) клеткі могуць трапляць ад плоду ў арганізм маці падчас цяжарнасці (фетальны мікрахімерызм), або ад маці да плоду. Сваімі клеткамі паміж сабой могуць абменьвацца блізняты. Мікрахімерныя клеткі могуць трапляць у арганізм падчас пералівання крыві.
Але найбольш цікавай зʼяўляецца міграцыя клетак старэйшых братоў і сясцёр да малодшых пры пасярэдніцтве маці. Захоўваючыся ў арганізме маці, яны па яе крывацёку пападаюць у арганізм плоду. Акрамя гэтага, навукоўцы сцвярджаюць, што абмен мікрахімернымі клеткамі адбываецца таксама паміж мужам і жонкай, і звяртаюць увагу на той факт, што фетальны мікрахімерызм асабліва распаўсюджаны пасля аборту ці выкідыша.
Як адсачылі чужыя клеткі?
Дзякуючы новым біятэхналагічным інструментам, якія дазваляюць адсочваць і вывучаць кожную клетку паасобна, навукоўцы атрымалі магчымасць адкрыць акно ў свет мікрахімерных клетак.
У пачатку 2000-х Кіараш Хасратэхрані (Kiarash Khosrotehrani) з дапамогай метадаў трансгенезу ўвёў самцу мышы ген светлячка. Дзякуючы сваёй біялюмінесцэнцыі гэты ген дазволіў вучонаму адсочваць рух клетак.
Генетычна мадыфікаваныя самцы спарваліся з самкамі, а затым вучоны шукаў у самкі клеткі плоду, якія змаглі прабрацца праз плацэнту. Каб вызначыць іх месцазнаходжанне ўнутры самак, выкарыстоўваўся тып цёмнага пакоя, які дазваляў выявіць вельмі нізкія ўзроўні люмінесцэнцыі.
Не было органу, якія б яны не наведалі. Колькасць такіх клетак павялічвалася падчас родаў, а затым на працягу некалькіх тыдняў змяншалася.
Якую ролю яны адыгрываюць?
Нягледзячы на нязначную колькасць, чужыя клеткі могуць выконваць ключавую функцыю.
Аднойчы даследаванне Хасратэхрані пайшло не па плану. Адна цяжарная мыш параніла сябе. Вучоны быў здзіўлены, калі пабачыў, што ў месцы раны сканцэнтраваліся клеткі плода.
Каб упэўніцца ў тым, што гэта не выпадковасць, вучоны сам стаў рабіць невялікія раны мышам. І кожны раз гэта месца прыцягвала клеткі плода. Такім чынам, гэтыя клеткі дапамагалі рэгенерацыі клетак маці. Вынікі свайго даследавання вучоны апублікаваў у 2006 годзе.
Праз шэсць гадоў вялікі патэнцыял клетак плоду быў пацверджаны эксперыментам Хіны Чаудхры (Hina Chaudhry), праведзеным на цяжарных мышах.
Вучоная выявіла, што такія клеткі здольныя лакалізавацца ў пашкоджаным сэрцы маці і ператварацца ў функцыянальныя мышачныя клеткі ці крывяносныя сасуды, якія дапамагаюць аднаўленню органа.
Гэта тлумачыць даўно вядомы факт аб тым, што цяжарныя жанчыны лепш за астатніх вылечваюцца ад сардэчных прыступаў.
У 2019 годзе яна правяла новае даследаванне. На гэты раз над мышамі-самцамі. Спачатку ў іх крываток былі ўведзеныя клеткі плоду, а затым выкліканы сардэчны прыступ. І гэтым разам чужыя клеткі накіраваліся да пашкоджаных частак сэрца і пачалі працаваць над іх аднаўленнем.
Эксперымент паказаў, што мікрахімерныя клеткі плода могуць аднаўляць любога чалавека, што сведчыць аб іх вялікім патэнцыяле ў лячэнні.
У апошнія гады абмяркоўваецца наяўнасць узаемасувязі паміж цяжарнасцю, мікрахімерызмам і верагоднасцю захворвання на рак. Было адзначана, што цяжарнасць павялічвае шанцы на выжыванне пасля дыягностыкі гэтага захворвання ў жанчын з мікрахімерызмам.
У той час, як нізкая канцэнтрацыя ці поўная адсутнасць клетак плоду ў арганізме маці можа быць паказчыкам схільнасці да развіцця злаякаснага працэсу.
Аднак чужыя клеткі могуць і калечыць
У той жа час назіранні паказваюць, што наяўнасць чужародных клетак можа ляжаць у аснове развіцця сістэмнай склерадэрміі і некаторых іншых аўтаімунных захворванняў, такіх як сістэмная чырвоная ваўчанка або аўтаімуннае захворванне шчытападобнай залозы. На карысць гэтага гаворыць высокая распаўсюджанасць такіх захворванняў у жанчын сярэдняга ўзросту.
Таксама мікрахімерныя клеткі могуць уплываць на прыжывальнасць органаў пры трансплантацыі, а таксама прымаць удзел у развіцці шэрагу злаякасных новаўтварэнняў, напрыклад, раку шыйкі маткі.
Змена погляду на прыроду чалавека
Навуковыя адкрыцці біёлагаў паўплывалі на філосафаў, якія сцвярджаюць, што мікрахімерызм сцірае межы часу. Мы атрымліваем клеткі з мінулага, ад нашых маці ці бабуль, а таксама ад будучага — нашых дзяцей. У той жа час мы перадаем нашы клеткі не толькі сваім родным, але і незнаёмым людзям (у выпадку пералівання крыві). Атрымліваецца, што пасля смерці чалавек пакідае сярод жывых людзей частку сябе.
Філосафы звяртаюць увагу, што парушаюцца і межы цела, таму што клеткі ствараюць форму непарыўнасці паміж некалькімі людзьмі, яны прапаноўваюць нам пашырэнне «я» у другім. Мікрахімерызм сведчыць, што ў клеткавым маштабе мы не зʼяўляемся ні аўтаномнымі, ні непадзельнымі.
Чытайце яшчэ:
«Зваротная вакцына» дапаможа лячыць рассеяны склероз, дыябет 1 тыпу і рэўматоідны артрыт
Больш за палову інфарктаў і інсультаў можна прадухіліць — навукоўцы
Ключ да лячэння дэпрэсіі, артрыту і Альцгеймера хаваецца ў блукаючым нерве