Офіс Ціханоўскай прадставіў праект Канцэпцыі кампенсацый рэпрэсаваным
Офіс Святланы Ціханоўскай разам з праваабаронцамі, юрыстамі, няўрадавымі арганізацыямі распрацаваў праект Канцэпцыі кампенсацыі шкоды асобам, рэпрэсаваным у перыяд рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Дакумент размешчаны на сайце Ціханоўскай.
25.09.2023 / 09:39
«Мэта Канцэпцыі — аднаўленне справядлівасці для тых, хто сутыкнуўся з рэпрэсіямі і парушэннямі правоў чалавека падчас праўлення Лукашэнкі», — гаворыцца ў анонсе праекта.
Дакумент мае намер аднавіць справядлівасць пасля злачынстваў, якія здзяйсняў рэжым Лукашэнкі ад пачатку яго праўлення з 1994 года.
Ён накіраваны на кампенсацыю шкоды пацярпелым праз аднаўленне іх у правах. Канцэпцыяй таксама прадугледжаны грашовыя выплаты альбо льготы, калі аднаўленне ў правах гэтага патрабуюць. Яна тычыцца не толькі асоб, якія пацярпелі ад рэпрэсій, але і іх блізкіх сваякоў і непаўналетніх.
Канцэпцыя прадугледжвае змены ў заканадаўстве — у тым ліку дэкрыміналізацыю некаторых артыкулаў Крымінальнага кодэкса.
Акрамя таго, у аснове Канцэпцыі ляжыць прызнанне статусу невінаватасці рэпрэсаваных асоб.
«Канцэпцыя — не проста крок да справядлівасці, але падмурак новай юрыдычнай сістэмы, у якой правы і свабоды грамадзян будуць паважацца і абараняцца», — пішуць распрацоўшчыкі.
Офіс просіць пра зваротную сувязь.