Прыязджайце самі. «Пашпартны ўказ» Лукашэнкі пачаў дзейнічаць у навучальных установах
Навучальныя ўстановы перасталі выдаваць дублікаты дакументаў аб адукацыі, спасылаючыся на нормы ўказа Лукашэнкі. Пад абмежаванні трапілі выпускнікі і былыя навучэнцы, якія пакінулі краіну. Ім прапануецца вярнуцца і самім забраць патрэбнае.
29.09.2023 / 08:27
Па такі дакумент палітэмігранты мусяць прыехаць у Беларусь. Ілюстрацыйнае фота: rodniva.by
У такой сітуацыі аказалася былая студэнтка аднаго з мінскіх універсітэтаў. Дзяўчына адвучылася тры курсы і вымушаная была разам з бацькамі ратавацца ад пераследу на радзіме.
Сёлета яна вырашыла працягнуць навучанне за мяжой. Для паступлення патрэбны атэстат «Аб агульнай сярэдняй адукацыі» і выпіска з ацэначнай ведамасці, як пацвярджэнне таго, што яна вучылася ва ўніверсітэце.
Гэтых дакументаў не аддалі сваячцы дзяўчыны, аргументуючы адмову ўказам Лукашэнкі №278 «Аб парадку выдачы дакументаў і выкананні дзеянняў».
Даверанасць, якую зрабіла за мяжой былая студэнтка, у беларускай ВНУ назвалі несапраўднай. Супрацоўнікі адміністрацыі прапанавалі дзяўчыне самой прыехаць па неабходнае ёй.
Бацькі перакананыя, што дачка з Беларусі не вернецца.
Пра тое, што дакументы аб адукацыі нельга атрымаць па даверанасці, аформленай за мяжою, пацвердзілі ў БДУ. Там заявілі, што «на сёння крыху змянілася заканадаўства». Па такія дакументы трэба прыязджаць самому былому студэнту альбо іх аддадуць іншай асобе па даверанасці, аформленай натарыяльна ў Беларусі, патлумачылі ў навучальнай установе.
У Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце спачатку супрацоўніца аддзела кадраў сказала, што атрымаць дакументы па замежнай даверанасці, перакладзенай на рускую мову, можна, а потым пасля падказкі калег заявіла, што нельга. Аргументаваць чаму не стала.
У БДУІР не бачаць перашкод у тым, каб выдаць дакументы аб адукацыі па даверанасці, аформленай за мяжою. Галоўнае, каб яна была перакладзеная на рускую мову. На згадку пра ўказ Лукашэнкі супрацоўніца ўніверсітэта адрэагавала:
«Ён не тычыцца нас. Яшчэ раз паўтараю: у нас можна атрымаць дакументы. Нам так сказалі юрысты».
У «пашпартным» указе Лукашэнкі пералічваюцца натарыяльныя функцыі, якіх пазбавіліся консульствы.
Адукацыя значыцца ў дадатку да ўказа пад сёмым нумарам. З тлумачэння вынікае, што па дакументы аб адукацыі, дадаткі да іх і іх дублікаты трэба звяртацца асабіста ці з аформленай у Беларусі даверанасцю.
Указ Лукашэнкі набыў моц 7 верасня і істотна ўскладніў жыццё грамадзянам Беларусі за мяжою. Асноўны яго пункт — забарона на выдачу і замену пашпартоў у беларускіх консульствах за мяжой. Указ называюць крокам у кірунку пазбаўлення беларускіх эмігрантаў беларускага грамадзянства.
Чытайце таксама:
«Мы працуем, каб беларусы не засталіся без пашпартоў» — Ціханоўская
У Літве збіраюцца прадоўжыць тэрмін дзеяння пашпартоў іншаземцаў для беларусаў