МАРГ: Беларусам недаспадобы польскія яблыкі, яны з ахвотай купляюць айчынныя
У імпарце польскіх яблыкаў няма неабходнасці, пакупнік з задавальненнем набывае айчынную прадукцыю. Пра гэта ў прэс-цэнтры БелТА заявіла прадстаўніца Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Таццяна Краснюк.
27.09.2023 / 14:44
Фота: Наша Ніва
«Доля айчынных тавараў у Беларусі складае 56% і пастаянна расце. Беларускія яблыкі запатрабаваныя ў насельніцтва. Нашы буйныя фермеры вырошчваюць розныя гатункі яблыкаў, пастаўляюць іх на прылаўкі крам і маюць усе неабходныя ўмовы для захаванасці пладоў. У сувязі з гэтым закупку аналагічнай прадукцыі па-за межамі краіны можна лічыць немэтазгоднай», — цытуе Таццяну Краснюк БелТА.
Яна дадала, што польскія яблыкі завозяцца ў Беларусь ад 1 да 30 ліпеня, пры гэтым пастаўкі змяншаюцца. «У цэлым цяпер у гэтым няма неабходнасці. Пакупнік з задавальненнем набывае беларускія яблыкі», — падкрэсліла яна.
Паводле слоў Таццяны Краснюк, па яблыках фіксуецца вялікі прагрэс.
«Паводле даных за студзень-ліпень, у крамах рэалізавана 55,6% яблыкаў айчыннай вытворчасці. Доля беларускіх яблыкаў узрасла на 19,2%, а іх продаж павялічыўся на 17%. Акрамя таго, за першае паўгоддзе імпарт яблыкаў у краіну скараціўся на 38%», — сказала Таццяна Краснюк.