«Справядлівым у нашым зменлівым свеце даводзіцца няпроста». Унучка Лукашэнкі расказала пра сябе
Дар’я Лукашэнка — студэнтка эканамічнага факультэта, а таксама вядучая на тэлеканале «Беларусь 1» спартова-забаўляльнага шоу «Героі». У гэтым годзе выходзіць другі сезон праграмы, дзе дзяўчына адна з вядучых — яна выступае ў ролі Юсты. Гэты персанаж мае імя ад старажытнарымскай багіні правасуддзя Юстыцыі, якая павінна быць справядлівай да гульцоў. Напярэдадні сезона Дар’я дала некалькі кароткіх інтэрв’ю, піша «Камсамолка».
28.09.2023 / 12:02
Дар'я Лукашэнка. Скрын відэа
Дарʼя Лукашэнка — дачка сярэдняга сына Аляксандра Лукашэнкі Дзмітрыя і яго жонкі Ганны, якая стала вядомай як аўтарка слоў сумнеўных праўладных песень.
У другім сезоне Дарʼя Лукашэнка таксама будзе вядучай. З гэтай нагоды Белтэлерадыёкампанія ў адной з сацсетак размясціла невялікае відэа: Дарʼя крыху расказала пра сябе.
Адно з пытанняў было аб тым, ці праўда, што тэлебачанне мяняе людзей.
— Рост сваіх навыкаў я, безумоўна, адчуваю, — адказала Дарʼя. — Гэта, вядома ж, дзякуючы тэлебачанню, дзякуючы таму, што мяне падтрымлівалі, мяне матывавалі, мяне стымулявалі ў далейшым развівацца, яшчэ больш укладваць у сваё навучанне ў гэтай сферы. І, вядома ж, вынік відавочны, думаю, што я ўжо нашмат больш упэўнена адчуваю сябе ў кадры.
Дзяўчына таксама падзялілася ўражаннямі ад здымкаў тэлешоу «Героі».
— Сам працэс, вядома ж, валодае чароўнай і гаючай уласцівасцю, спачатку здаецца, што сапраўды складана. Але да канца праекта ты пачынаеш сумаваць, што ўсё гэта заканчваецца. Усе гэтыя эмоцыі, супольнае з людзьмі, уся вось гэтая праца, якая, здавалася б, даволі цяжкая, яна ператвараецца ў нейкі станоўчы досвед з нейкімі сапраўды чароўнымі эмоцыямі ад адчування сябе датычнай вось да такога праекта.
У Дар’і таксама спыталі, ці падобныя Юста ў кадры і Дарʼя ў жыцці?
— Ну, я магу сказаць, што я стрыманая ў эмоцыях толькі з незнаёмымі мне людзьмі. І, як і мой персанаж у праекце, я даволі справядлівы чалавек. Гэта, напэўна, дзве якасці, якія ўва мне прысутнічаюць, яны супадаюць з маёй гераіняй у праекце.
У інтэрвʼю sb.by Дарʼя дадала, што «справядлівым у нашым зменлівым свеце часта даводзіцца няпроста, аднак гэта адназначна станоўчая рыса», якой яна вельмі ганарыцца.
Дар’я кажа, што ў працы на тэлебачанні ёй дапамагалі парады бацькоў.
— Усё ж адказнасць вялікая, улічваючы, што досведу ў якасці тэлевядучай у мяне было зусім мала. Не буду хаваць: займалася самакрытыкай, дзесьці штосьці падказвалі і бацькі. Дзякуючы парадам родных і здымачнай каманды, я змагла прырасці ў сферы і дасягнуць таго, пра што раней толькі марыла, — сказала Дарʼя Лукашэнка.
Яна кажа, што шмат чытае і працуе.
— У мяне няма часу, каб бяздумна марнаваць яго ў сацсетках і месенджарах. Аддаю перавагу кожны дзень праводзіць з карысцю. І тады магчыма ўсё, — распавяла яна.