Пашырэнне ЕС не толькі выклік гісторыі, але і геапалітычная неабходнасць — фон дэр Ляен

Еўрапейскі саюз бярэ курс на пашырэнне. Сярод яго будучых удзельнікаў — Украіна. Уступленне Украіны ў Еўрасаюз цалкам зменіць і геапалітычнае становішча Беларусі.

29.09.2023 / 07:45

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі (справа) і прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен. Афіны, Грэцыя, 21 жніўня 2023 г. Фота: AP Photo / Thanassis Stavrakis

Кіраўніцтва Украіны заявіла, што краіна гатовая да хуткага ўступлення ў Еўрапейскі саюз пасля таго, як яна атрымала статус кандыдата ў чэрвені 2022 года. Чакаецца, што ў кастрычніку 2023 года Еўрапейская камісія падрыхтуе ацэнку выканання Украінай папярэдніх умоў для ўступлення, а да снежня будзе прынята рашэнне аб тым, ці пачынаць перамовы.

28 жніўня гэтага года старшыня Еўрапейскай рады Шарль Мішэль заклікаў палітыкаў пачаць удзельнічаць у рэформах ЕС, паставіўшы мэту да 2030 года быць гатовым да пашырэння:

«Цяпер пашырэнне больш не мара. Прыйшоў час рухацца наперад. Нас чакае яшчэ шмат працы. Гэта будзе складана, а часам і балюча. Для будучых дзяржаў-членаў і для ЕС. <…> Мы павінны быць гатовыя — з абодвух бакоў — да 2030 года да пашырэння. Гэта азначае, што наступны доўгатэрміновы бюджэт ЕС павінен будзе ўключаць нашы супольныя мэты. Гэта амбіцыйна, але неабходна. Гэта паказвае, што мы настроеныя сурʼёзна».

Шарль Мішэль адзначыў, што «акно магчымасцяў адчынена» і трэба дзейнічаць згодна з гэтым. Ён запэўніў што Еўрапейская рада зойме пазіцыю па адкрыцці перамоў з Украінай і Малдовай.

13 верасня ў сваім штогадовым звароце «Аб стане саюза» прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен папярэдзіла дзяржавы-члены аб неабходнасці «адпавядаць рашучасці» Украіны і іншых краін падрыхтавацца да пашырэння ЕС.

Глава Еўракамісіі тады ж заявіла, што Еўрапарламенту неабходна пачаць вырашаць «практычныя пытанні аб тым, як саюз з больш чым 30 краін будзе працаваць на практыцы».

Адна з ключавых праблем пашыранага ЕС — эфектыўнае заканадаўства. Плануецца ўнясенне паправак у еўрапейскія дагаворы, што патрабуе згоды кожнай краіны, а ў такіх, як Ірландыя, правядзення рэферэндуму.

У сваім выступленні 13 верасня Фон дэр Ляйен адзначыла, што дзяржавам-членам не варта адкладаць гэтыя дэбаты ў сябе дома.

«Мы не можам і не павінны чакаць змянення дагавора, каб прадоўжыць пашырэнне», — сказала яна, дадаўшы, што дэпутатам Еўрапарламента неабходна пачаць вырашаць «практычныя пытанні аб тым, як саюз, які складаецца з больш чым 30 краін, будзе працаваць на практыцы».

Эксперты папярэджваюць, што калі дэбаты аб ключавых зменах не пачнуцца ў сталіцах ЕС, саюз можа аказацца ў складанай сітуацыі, калі высветліцца, што Украіна завяршыла рэформы для ўступлення, але блок не гатовы зрабіць краіну членам.

У сваім штогадовым звароце глава Еўрапейскай камісіі пацвердзіла падтрымку ЕС Украіны ў яе барацьбе з Расіяй і паабяцала падтрымліваць Кіеў «столькі, колькі спатрэбіцца».

27 верасня выступаючы ў Бруселі падчас сустрэчы з прэмʼер-міністрам Латвіі Эвікай Сіліняй прэзідэнт Еўрапейскай камісіі звярнулася да тэмы пашырэння ЕС і заявіла:

«Тэма пашырэння. Гэта не толькі выклік гісторыі, але і геапалітычная неабходнасць. Нам неабходна вызначыць бачанне паспяховага пашырэння. Менавіта таму Камісія пачала працу над серыяй аглядаў палітыкі перад пашырэннем. Па сутнасці, гэта пытанне аб тым, як будуць працаваць нашы інстытуты, наш бюджэт, нашы гарантыі бяспекі».

Але, нягледзячы на аднадушша кіраўніцтва ЕС, пытанне прыняцця Украіны выклікае шмат заклапочанасці. Па словах аналітыкаў, прыём Украіны стане беспрэцэдэнтным выпрабаваннем палітычнай, сацыяльнай і эканамічнай згуртаванасці Еўропы.

З насельніцтвам больш за 40 мільёнаў Украіна стане пятай па велічыні дзяржавай — членам ЕС пасля Іспаніі і наперадзе Польшчы. Гэта таксама будзе самая бедная дзяржава — член ЕС з даваенным валавым унутраным прадуктам (ВУП) на душу насельніцтва меншым за палову ад ВУП Балгарыі. Без рэформы ўключэнне Украіны ў блок ператворыць цяперашніх бенефіцыяраў фінансавання ЕС у чыстых донараў.

Прыняцце Украіны запатрабуе шырокамаштабных рэформаў супольнай аграрнай палітыкі, размеркавання структурных фондаў і фондаў згуртоўвання (cohesion funds), размеркавання месцаў у Еўрапейскім парламенце, партфеляў у Еўрапейскай камісіі, практыкі галасавання кваліфікаванай большасцю і цяперашняй неабходнасці аднагалоснасці ў замежнай палітыцы. Гэтыя рэформы, магчыма, ужо даўно наспелі, але той факт, што яны застаюцца нявырашанымі, толькі падкрэслівае іх палітычную, эканамічную і сацыяльную складанасць.

Чытайце яшчэ:

«Хуткасць уражвае» — прэзідэнт Еўракамісіі пра рух Украіны да ЕС

Еўрасаюз хоча паскорыць уступленне ў яго краін Заходніх Балкан

Прэзідэнтка Еўракамісіі прапанавала выдзеліць Украіне 50 мільярдаў еўра

Антось Жупран